Благаслаўлёная Лаўра Вікунья, больш за ўсё ты прагнула як мага хутчэй стаць святой і сузіраць Бога тварам у твар. Твая святасць прамянілася праз сумленнае выкананне штодзённых абавязкаў, у якіх ты бачыла Божую прысутнасць і натхненне. Дапамажы і нам бачыць Хрыста ў нашым штодзённым жыцці, каб мы з ахвотаю і запалам здабывалі неба праз годнае выконванне штодзённых абавязкаў у сям’і, школе і на працы.
Амэн.
Кожны дзень навэнны молімся:
Ойча наш… Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
С.: Маліся за нас, благаслаўлёная Лаўра Вікунья,
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.
Молімся: Ойча бясконцай дабрыні! У маладой Лаўры Вікунья Ты цудоўным чынам спалучыў моц духу і бляск нявіннасці. Просім, праз яе заступніцтва ўдзялі нам мужнасць, каб мы пераадольвалі ўсе жыццёвыя цяжкасці і імкнуліся быць чыстымі сэрцам. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Н.: Амэн.