Уступная малітва на кожны дзень навэнны
О хвалебны святы Юзэфе, прыёмны бацька Пана нашага Езуса Хрыста і найчысцейшы Абраннік Беззаганнай Панны Марыі. Вось я, нягодны твой паслядоўнік, аддаюся тваёй апецы і выбіраю цябе маім асаблівым апекуном, дарадчыкам і заступнікам перад Богам. Выпрасі для мяне ласку добрага жыцця і шчаслівай смерці разам з ласкаю, аб якой сёння прашу цябе асаблівым чынам у гэтай навэнне ... (назваць просьбу).
Малітвы на асобныя дні навэнны
Магутны патрыярх, як у Старым Запавеце Юзаф, сын Якуба, па Божай волі стаў правіцелем у Егіпце, каб ратаваць людзей ад смерці, так і ў Новым Запавеце ты стаў уладаром і гаспадаром тых скарбаў, якія патрэбны нам для вечнага жыцця. Таму з вялікаю пашанаю і даверам мы прагнем звярнуцца да цябе ва ўсіх нашых патрэбах — як зямных, так і духоўных, — упэўненыя, што твой Сын, які заўсёды быў паслухмяны табе на зямлі, выслухае цябе таксама і ў небе.