ГІМН
С.: Перад абліччам магутнай і добрай нашай Маці Успамогі Хрысціянаў, з пачуццём удзячнасці за ўсе ласкі, якія на працягу стагоддзяў Яна выпрошвала для святога Касцёла, усведамляючы Яе мацярынскі клопат пра кожную людскую душу і Яе дзейсную дапамогу ў нашых патрэбах і цярпеннях, узносім сёння да Марыі гімн хвалы і падзякі.
С.: О Марыя, Успамога Касцёла ў змаганні,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Апякунка чуйная намесніка Хрыстовага, папы N. (назваць імя),
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Успамога вернікаў у змаганні з ворагамі Божага Валадарства,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Маці наймілейшая церпячых і бедных,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ
Молімся за хворых і церпячых. С.: Просім Цябе Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, узмацні сваёю ласкаю ўсіх хворых і церпячых у іх складанай сітуацыі. Дай ім цярплівасць у перажыванні штодзённага болю, адары супакоем духу і ўлі ў іх сэрцы нязломную надзею на вечную ўзнагароду за ўсялякае цярпенне, перажытае на кальварыйскім шляху зямнога жыцця.
3. ПРОСЬБЫ
С.: Каб усім хворым і церпячым Ты несла палёгку і сілу для вытрымкі.
Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.
— Каб усім спрацаваным Ты дапамагала несці іх крыж штодзённых цярпенняў.
— Каб Ты выслухала усіх, хто просіць здароўя і ратунку.
— Каб смутныя, расчараваныя і панылыя сэрцы Ты суцешыла і напоўніла супакоем.
— Каб усім, змучаным болем, Ты ўліла ў душы надзею на вечную ўзнагароду і збаўленне.
— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.
4. МАЛІТВА
С.: О Марыя, Аздараўленне хворых і Суцяшальніца засмучаных! Просім Цябе, глянь на цярпенні і хваробы сваіх дзяцей. Твае вочы з мацярынскаю пяшчотаю глядзелі на скрываўленага Езуса. Верым, што гэтыя ж міласэрныя вочы глянуць і на нашыя няшчасці, нястачу і цярпенні, што з чуласцю ахопяць нашыя недамаганні, боль і слёзы. Верым, о Успамога наша, што Твае вочы, якія горка плакалі на гэтай зямлі, глянуць і на нас у гэтай даліне слёз, каб узняць і ўмацаваць нас на нашым кальварыйскім шляху. Ведаем, што Тваё мацярынскае сэрца не застанецца абыякавым да пакутаў і болю Тваіх дзяцей. Таму, да Цябе звяртаючыся і Цябе аб дапамозе просячы, мы не можам быць адкінутымі.
5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ
Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
С.: Марыя, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Маліся за нас.
С.: Маліся за нас, Панна, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.
Молімся: Усемагутны і міласэрны Божа, Ты для абароны хрысціянаў цудоўным чынам даў нам вечную дапамогу ў благаслаўлёнай Панне Марыі, учыні ласкава, каб мы, Яе апекаю падтрыманыя, змагаючыся пры жыцці, у хвіліну смерці маглі атрымаць перамогу над ворагамі нашага збаўлення. Праз Хрыста, Пана Нашага. Амэн.
Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская).
Гімн «Таямніцу Сакрамэнта» або іншая эўхарыстычная песня.
Молімся: Божа, Ты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пакінуў нам успамін сваёй мукі, просім Цябе, дапамажы нам так ушаноўваць святыя таямніцы Твайго Цела і Крыві, каб мы заўсёды адчувалі ў сабе плён Твайго адкуплення. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Н.: Амэн.
Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.