ГІМН

 

С.: Перад абліччам магутнай і добрай нашай Маці Успамогі Хрысціянаў, з пачуццём удзячнасці за ўсе ласкі, якія на працягу стагоддзяў Яна выпрошвала для святога Касцёла, усведамляючы Яе мацярынскі клопат пра кожную людскую душу і Яе дзейсную дапамогу ў нашых патрэбах і цярпеннях, узносім сёння да Марыі гімн хвалы і падзякі.

С.: О Марыя, Успамога Касцёла ў змаганні,

Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Апякунка чуйная намесніка Хрыстовага, папы N. (назваць імя),
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Успамога вернікаў у змаганні з ворагамі Божага Валадарства,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Маці наймілейшая церпячых і бедных,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.

 

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ 

 

Молімся за дзяцей і моладзь. С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, дазволь дзецям і моладзі прыйсці да Цябе, дапамагай ім адольваць усялякія спакусы і небяспекі. Няхай дзякуючы Тваёй ласцы яны фармуюць у сабе высакародныя характары, ахвярныя сэрцы і розумы, адчувальныя да праўды і дабра. Паглы-бляй у іх Божае жыццё. 

 

3. ПРОСЬБЫ

 

С.: Каб на нашай зямлі заўсёды было шмат дзяцей і моладзі.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб маладое пакаленне ўзрастала ў Хрыстовай веры і чысціні звычаяў.

— Каб моладзь не паддавалася спакусе рэлігійнай абыякавасці і павярхоўнасці жыцця.

— Каб берагла Ты, Маці, душы дзяцей і моладзі ад сапсаванасці і ўсялякай маральнай небяспекі.

— Каб у маладых сэрцах палалі вялікія рэлігійныя і нацыянальныя ідэалы.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

 

4. МАЛІТВА 

 

Успамога наша, умелая Выхавацелька Езуса ў Назарэце! Святы Ян Боска даў Цябе моладзі як Маці і Настаўніцу, каб Ты ўпэўнена вяла маладых людзей па выбоістых шляхах небяспечных гадоў. Ты найлепей ведаеш маладыя душы, якія, нібы свежыя бутоны ў вясновым садзе, расцвітаюць для жыцця. І ведаеш таксама, з якою лютасцю налятаюць на іх злавесныя віхры сапсаванага свету, марозныя павевы зла і спакусаў. Абарані, о Маці, сваіх дзяцей, якія падаюць і гінуць ад бяссілля і несвядомасці. Засланяй іх сваёй любоўю, улівай у сэрцы Божую мудрасць, суцяшай іх і падбадзёрвай у хвіліны паражэння. Не дазволь ім заблукаць на бездарожжы граху. Захавай ў іх чысціню сумлення, нявіннасць думак і пачуццяў, радасць і шчаслівую ўсмешку. Дай ім моцныя крылы, каб яны ўпэўнена ляцелі да вышыняў высакароднага жыцця. Учыні, каб яны годна крочылі па слядах сваіх прадзедаў, якія на працягу стагоддзяў з вялікім запалам пакланяліся Табе, Багародзіца.

 

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

С.: Марыя, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Маліся за нас.
С.: Маліся за нас, Панна, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Усемагутны і міласэрны Божа, Ты для абароны хрысціянаў цудоўным чынам даў нам вечную дапамогу ў благаслаўлёнай Панне Марыі, учыні ласкава, каб мы, Яе апекаю падтрыманыя, змагаючыся пры жыцці, у хвіліну смерці маглі атрымаць перамогу над ворагамі нашага збаўлення. Праз Хрыста, Пана Нашага. Амэн.

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская).

Гімн «Таямніцу Сакрамэнта» або іншая эўхарыстычная песня.

Молімся: Божа, Ты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пакінуў нам успамін сваёй мукі, просім Цябе, дапамажы нам так ушаноўваць святыя таямніцы Твайго Цела і Крыві, каб мы заўсёды адчувалі ў сабе плён Твайго адкуплення. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Н.: Амэн.

Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Падзяліцца: