ГІМН

 

С.: Перад абліччам магутнай і добрай нашай Маці Успамогі Хрысціянаў, з пачуццём удзячнасці за ўсе ласкі, якія на працягу стагоддзяў Яна выпрошвала для святога Касцёла, усведамляючы Яе мацярынскі клопат пра кожную людскую душу і Яе дзейсную дапамогу ў нашых патрэбах і цярпеннях, узносім сёння да Марыі гімн хвалы і падзякі.

С.: О Марыя, Успамога Касцёла ў змаганні,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Апякунка чуйная намесніка Хрыстовага, папы N. (назваць імя),
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Успамога вернікаў у змаганні з ворагамі Божага Валадарства,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Маці наймілейшая церпячых і бедных,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.

 

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ

 

Молімся аб Божым благаслаўленні для сем’яў. С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, умацуй сваёй ласкаю жыццё ўсіх нашых сем’яў. Няхай знікнуць з іх звады, сваркі і напружанне, пачуццёвая абыякавасць і неразуменне. Няхай сужэнцы, дзеці і ўсе дамачадцы адорваюць адно аднаго шчыраю любоўю, ствараючы адзінства розумаў, сэрцаў і ўчынкаў. 

 

3. ПРОСЬБЫ

 

С.: Каб Ты была прысутнаю ва ўсіх нашых сем’ях.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб члены ўсіх сем’яў адчувалі, што яны паяднаныя між сабою Богам, верай і любоўю.

— Каб нашыя сем’і маглі вызваліцца ад п’янства, разводаў, нязгоды і рэлігійнай абыякавасці.

— Каб кожны сямейны агмень ззяў радасцю мноства дзяцей, што выхоўваюцца паводле Божых запаведзяў.

— Каб узаемаразуменне, павага і су польная праца напаўнялі шчасцем сэрцы ўсіх дамачадцаў.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

 

4. МАЛІТВА 

 

С.: Успамога Хрысціянаў, Маці назарэтанскай Сям’і! Атулі сваёй невычэрпнай любоўю ўсе нашыя сем’і і прысутнічай у кожным доме. Сэрцы бацькоў, дзяцей і дамачадцаў напоўні духам супакою, ахвярнай добразычлівасці і ўзаемнай сімпатыі. Вядзі ўсіх па сцежках сумленнай працы, што дзённай малітвы і асвячэння праз удзел у святой Імшы і частай святой Камуніі. Абараняй святасць сужэнства і зачатага жыцця. Кіруй хрысціянскім выхаваннем дзяцей і моладзі. Будзь крыніцаю духоўнай сілы ў хвіліны жыццёвых цяжкасцяў і выпрабаванняў. Палягчай зямныя турботы і падтрымлівай клопат пра хлеб штодзённы. Хворых і церпячых атулі асабліваю ласкаю. Чувай над захаваннем Божага закону і добрых звычаяў. 

 

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

С.: Марыя, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Маліся за нас.
С.: Маліся за нас, Панна, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Усемагутны і міласэрны Божа, Ты для абароны хрысціянаў цудоўным чынам даў нам вечную дапамогу ў благаслаўлёнай Панне Марыі, учыні ласкава, каб мы, Яе апекаю падтрыманыя, змагаючыся пры жыцці, у хвіліну смерці маглі атрымаць перамогу над ворагамі нашага збаўлення. Праз Хрыста, Пана Нашага. Амэн.

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская).

Гімн «Таямніцу Сакрамэнта» або іншая эўхарыстычная песня.

Молімся: Божа, Ты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пакінуў нам успамін сваёй мукі, просім Цябе, дапамажы нам так ушаноўваць святыя таямніцы Твайго Цела і Крыві, каб мы заўсёды адчувалі ў сабе плён Твайго адкуплення. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Н.: Амэн.

Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Падзяліцца: