ГІМН

 

С.: Перад абліччам магутнай і добрай нашай Маці Успамогі Хрысціянаў, з пачуццём удзячнасці за ўсе ласкі, якія на працягу стагоддзяў Яна выпрошвала для святога Касцёла, усведамляючы Яе мацярынскі клопат пра кожную людскую душу і Яе дзейсную дапамогу ў нашых патрэбах і цярпеннях, узносім сёння да Марыі гімн хвалы і падзякі.

С.: О Марыя, Успамога Касцёла ў змаганні,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Апякунка чуйная намесніка Хрыстовага, папы N. (назваць імя),
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Успамога вернікаў у змаганні з ворагамі Божага Валадарства,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Маці наймілейшая церпячых і бедных,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.

 

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ 

 

Молімся аб навяртанні грэшнікаў. С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, каб грэшнікі адумаліся. Прывядзі іх да шчырага пакаяння, адпусці ім правіны, даруй кары, якія яны заслужылі, і ўмацуй іх на шляху да збаўлення. 

 

3. ПРОСЬБЫ

 

С.: Каб усе слабыя і падаючыя ўбачылі ў Табе прытулак грэшнікаў.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб тым, хто заблудзіўся на сцежках грэшнага жыцця, Ты паказала шлях да паяднання з Богам.

— Каб нас ад бязвер’я, п’янства, нянавісці і несправядлівасці захавала.

— Каб Ты дапамагала нам дзейсна змагацца са сваімі дрэннымі схільнасцямі і звычкамі.

— Каб кожнае людское сэрца Ты захавала ад няшчасця граху.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

 

4. МАЛІТВА 

 

С.: Найсвяцейшая Успамога, Беззаганная Дзева! Цябе адну, як містычны каўчэг, Бог захаваў ад усялякай правіны ў паўсюдным патопе людскога ўпадку. Заслані нас ад хваляў сапсаванасці, якою д’ябал і падступны свет спрабуюць дэмаралізаваць нашыя душы. Каралева, без граху зачатая! Паглядзі літасціва на бедных грэшнікаў, якія паралізаваныя злом, ахопленыя залежнасцямі і дрэннымі звычкамі, бяздумна брыдуць па заганных шляхах, знішчаючы сваё шчасце і падвяргаючы сябе небяспецы страціць вечнае збаўленне. Будзь для іх міласэрнаю Маці, вырві іх з няволі граху і выпрасі слёзы скрухі, якія вядуць да пакаяння. Учыні, о Марыя Успамога, каб мы ўсе звярталіся да Цябе ў хвіліны спакусаў і маральнай небяспекі. Няхай успамін пра Тваю любоў і дабрыню дапаможа нам перамагчы апанаванасць грахом, ілюзіі гэтага свету і падманлівыя нашэптванні ворагаў нашага збаўлення. Стань побач з усімі, хто набліжаецца да смерці, абудзі ў іх сэрцах пачуццё віны за ўчыненае зло, а ў свайго Сына выпрасі для іх ласку вечнага збаўлення. 

 

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

С.: Марыя, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Маліся за нас.
С.: Маліся за нас, Панна, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Усемагутны і міласэрны Божа, Ты для абароны хрысціянаў цудоўным чынам даў нам вечную дапамогу ў благаслаўлёнай Панне Марыі, учыні ласкава, каб мы, Яе апекаю падтрыманыя, змагаючыся пры жыцці, у хвіліну смерці маглі атрымаць перамогу над ворагамі нашага збаўлення. Праз Хрыста, Пана Нашага. Амэн.

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская).

Гімн «Таямніцу Сакрамэнта» або іншая эўхарыстычная песня.

Молімся: Божа, Ты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пакінуў нам успамін сваёй мукі, просім Цябе, дапамажы нам так ушаноўваць святыя таямніцы Твайго Цела і Крыві, каб мы заўсёды адчувалі ў сабе плён Твайго адкуплення. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Н.: Амэн.

Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Падзяліцца: