ГІМН

 

С.: Перад абліччам магутнай і добрай нашай Маці Успамогі Хрысціянаў, з пачуццём удзячнасці за ўсе ласкі, якія на працягу стагоддзяў Яна выпрошвала для святога Касцёла, усведамляючы Яе мацярынскі клопат пра кожную людскую душу і Яе дзейсную дапамогу ў нашых патрэбах і цярпеннях, узносім сёння да Марыі гімн хвалы і падзякі.

С.: О Марыя, Успамога Касцёла ў змаганні,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Апякунка чуйная намесніка Хрыстовага, папы N. (назваць імя),
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Успамога вернікаў у змаганні з ворагамі Божага Валадарства,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Маці наймілейшая церпячых і бедных,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.

 

2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ

 

Молімся аб згодзе і супакоі паміж народамі. С.: Просім Цябе, Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, з’яднай усе народы ў еднасці і згодзе. Уладарам і кіраўнікам удзялі святло, каб яны ажыццяўлялі сваю ўладу ў духу паша-ны да чалавечых правоў, а падданым дай бяспеку і парадак, каб яны, спакойна працуючы і радуючыся дабрабыту, маглі жыць шчасліва. 

 

3. ПРОСЬБЫ

 

С.: Каб народы зямлі Ты з’яднала ў адну чалавечую сям’ю.

Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.

— Каб усіх людзей Ты захавала ад вайны, ад крыўды, нянавісці і насілля.

— Каб улады разважліва кіравалі сваімі народамі ў духу пашаны да чалавека.

— Каб праз справядлівы падзел зямных дабротаў былі забяспечаныя патрэбы ўсіх народаў.

— Каб для нашай айчыны Ты выпрасіла духа веры і супакою, узаемаразуменне і любоў адзін да аднаго.

— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.

 

4. МАЛІТВА

 

С.: Найлепшая Маці цудоўнай любові! Праз найдаражэйшае Сэрца Твайго Сына, Князя Супакою, учыні, просім, каб гнеў Яго злагодзіўся і Ён панаваў над светам у любові і супакоі. О Марыя Успамога Хрысціянаў! Паглядзі на гэты свет, які пакутуе ад нянавісці, нячыстых інтарэсаў і эгаістычных памкненняў. І сёння льецца кроў нявінных, стогнуць народы, прыгнечаныя несправядлівасцю, памнажаюцца запасы зброі, якая нясе смерць і разбурэнне. Нянавісць ахоплівае як асобных людзей, так і цэлыя грамадствы. Марыя! Ты адна можаш выпрасіць у Божага Сына ўзаемаразуменне між людзьмі. Няхай любоў і справядлівасць стануць прынцыпам вырашэння спрэчных справаў паміж народамі і дзяржавамі, каб урэшце знік прывід гібелі і разбурэння. Дай нам спакой, якога мы моцна прагнем і які неабходны для свабоднага і паспяховага развіцця. 

 

5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ

 

Вітай, Марыя… Хвала Айцу…

С.: Марыя, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Маліся за нас.
С.: Маліся за нас, Панна, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Усемагутны і міласэрны Божа, Ты для абароны хрысціянаў цудоўным чынам даў нам вечную дапамогу ў благаслаўлёнай Панне Марыі, учыні ласкава, каб мы, Яе апекаю падтрыманыя, змагаючыся пры жыцці, у хвіліну смерці маглі атрымаць перамогу над ворагамі нашага збаўлення. Праз Хрыста, Пана Нашага. Амэн.

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская).

Гімн «Таямніцу Сакрамэнта» або іншая эўхарыстычная песня.

Молімся: Божа, Ты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пакінуў нам успамін сваёй мукі, просім Цябе, дапамажы нам так ушаноўваць святыя таямніцы Твайго Цела і Крыві, каб мы заўсёды адчувалі ў сабе плён Твайго адкуплення. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Н.: Амэн.

Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Падзяліцца: