ГІМН
С.: Перад абліччам магутнай і добрай нашай Маці Успамогі Хрысціянаў, з пачуццём удзячнасці за ўсе ласкі, якія на працягу стагоддзяў Яна выпрошвала для святога Касцёла, усведамляючы Яе мацярынскі клопат пра кожную людскую душу і Яе дзейсную дапамогу ў нашых патрэбах і цярпеннях, узносім сёння да Марыі гімн хвалы і падзякі.
С.: О Марыя, Успамога Касцёла ў змаганні,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Апякунка чуйная намесніка Хрыстовага, папы N. (назваць імя),
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Успамога вернікаў у змаганні з ворагамі Божага Валадарства,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
С.: Маці наймілейшая церпячых і бедных,
Н.: Хвалу і падзяку прымі, Каралева, за перамогу і за трыумф Твой праз вякі.
2. ІНТЭНЦЫЯ ДНЯ
Молімся за святы Касцёл і Святога Айца. С.: Просім Цябе Божа, праз заступніцтва Марыі Успамогі, благаславі святы Касцёл і ўсіх вернікаў, якія трываюць у еднасці са Святым Айцом; аб’яднай падзеленых братоў з Намеснікам Хрыста; асвяці ўсіх няверных праўдаю Евангелля.
3. ПРОСЬБЫ
С.: Каб Божы Касцёл верна выконваў місію навучання і збаўлення народаў.
Н.: Цябе просім, Цябе просім, народу вернага Успамога, Цябе просім.
— Каб Святы Айцец N. (назваць імя), біскупы і прэзбітэры апекаваліся даверанай ім аўчарняй Хрыстовай.
— Каб Марыя была магутнаю Валадаркаю і натхненнем Святога Айца.
— Каб адлучаныя хрысціянскія Касцёлы вярнуліся да еднасці са Святым Айцом.
— Каб мясцовы Касцёл аддана служыў Богу і Айчыне.
— Май ласку выслухаць нашыя просьбы.
4. МАЛІТВА
С.: О Марыя, магутная і надзейная Абарона Касцёла, цудоўная Успамога Хрысціянаў. Ты, як кажа святы Амброзій, з’яўляешся першавобразам Касцёла ў веры, любові і поўным паяднанні з Хрыстом. Просім Цябе праз Тваю найчысцейшую любоў да Езуса Хрыста, ахіні плашчом сваёй апекі ўвесь Касцёл, асабліва Святога Айца N. (назваць імя). Барані яго ад пагрозаў шматлікіх ворагаў. Будзь яму абаронным шчытом і натхненнем на шляху, па якім ён вядзе зямных пілігрымаў да вечнасці. Будзь чулаю Маці для ўсіх біскупаў, прэзбітэраў, людзей, якія прысвяцілі сябе Богу, і для вернага хрысціянскага народу. Выпрошвай для іх дух еднасці са Святым Айцом N. (назваць імя). Наблізь, о ўсемагутная Успамога, дзень, у якім вернуцца да еднасці з Папам усе адлучаныя хрысціянскія супольнасці, а народы ўсяго свету збяруцца каля аднаго Пастыра. Абяцаем Табе, Успамога наша, што па прыкладзе св. Яна Боска мы будзем верна трываць у адзінстве з Апостальскаю Сталіцаю, таму што жадаем жыць і паміраць ва ўлонні каталіцкай веры, у якой маем адзіную надзею на вечнае збаўленне.
5. ЗАКЛЮЧНЫЯ МАЛІТВЫ
Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
С.: Марыя, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Маліся за нас.
С.: Маліся за нас, Панна, Успамога Хрысціянаў,
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.
Молімся: Усемагутны і міласэрны Божа, Ты для абароны хрысціянаў цудоўным чынам даў нам вечную дапамогу ў благаслаўлёнай Панне Марыі, учыні ласкава, каб мы, Яе апекаю падтрыманыя, змагаючыся пры жыцці, у хвіліну смерці маглі атрымаць перамогу над ворагамі нашага збаўлення. Праз Хрыста, Пана Нашага. Амэн.
Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская).
Гімн «Таямніцу Сакрамэнта» або іншая эўхарыстычная песня.
Молімся: Божа, Ты ў Найсвяцейшым Сакрамэнце пакінуў нам успамін сваёй мукі, просім Цябе, дапамажы нам так ушаноўваць святыя таямніцы Твайго Цела і Крыві, каб мы заўсёды адчувалі ў сабе плён Твайго адкуплення. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Н.: Амэн.
Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.