Св. Юзаф Кафассо

(Giuseppe Cafasso)

1811 – 1860

Успамін 23 чэрвеня

1 лістапада 1924 года, калі зацверджвалі цуды для кананізацыі святога Яна Марыі Віянэя і публікаваўся дэкрэт аб беатыфікацыі кс. Кафассо, Папа Пій ІХ суаднёс дзве гэтыя святарскія постаці ў наступных словах: “Дзякуючы асабліваму і спрыяючаму ўплыву Божай Дабрыні, мы сталі сведкамі таго, як на гарызонце Каталіцкага Касцёла ўзыходзяць новыя зоркі: пробашч парафіі Арс і шаноўны Слуга Божы Юзаф Кафассо. Гэтыя дзве прыгожыя, любімыя, прадбачліва своечасовыя постаці павінны быць прадстаўлены сёння; адзін, парафіяльны святар Арса, такі ж маленькі і сціплы, бедны і просты, наколькі і слаўны; а другі — прыгожая, вялікая, складаная і багатая постаць святара, выхавацеля і настаўніка фармацыі святароў, вялебнага Юзафа Кафассо”. Ён не быў парафіяльным святаром, але перш за ўсё быў настаўнікам фармацыі парафіяльных і дыяцэзіяльных святароў, нават святых святароў, такіх як святы Ян Боско. Ён не заснаваў рэлігійных інстытутаў, як іншыя п’емонтскія святары XIX стагоддзя, таму што яго “асновай” была “школа святарскага жыцця і святасці”, аб чым ён сведчыў, выкладаючы ў Каледжы-рэзідэнцыі для клерыкаў імя святога Францішка Асізскага (Convitto Ecclesiastico di S. Francesco d'Assisi) у Турыне.

Юзаф Кафассо нарадзіўся 15 студзеня 1811 года ў Кастэльнуова д'Асці, у той самай вёсцы, дзе і святы Ян Боско. Ён быў трэцім з чатырох дзяцей. Яго малодшая сястра Марыяна пазней стала маці бл. Юзафа Алламана, заснавальніка Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і і Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.

Кафассо скончыў сярэднюю школу і два гады філасофіі ў каледжы К'еры, а ў 1830 г. паступіў у духоўную семінарыю, і ў 1833 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Праз чатыры месяцы ён быў накіраваны ў каталіцкі інтэрнат пры касцёле св. Францішка (Convitto Ecclesiastico di S. Francesco d'Assisi) ў Турыне, каб удасканальвацца ў святарскім служэнні. Гэта быў фундаментальны этап у яго духоўным жыцці. Менавіта тут ён рэалізаваў свае дары духоўнага кіраўніка і вялікі дух міласэрнасці. Інтэрнат з’яўляўся не толькі школай маральнай тэалогіі, дзе маладыя святары, якія паходзілі пераважна з вёскі, вучыліся быць спаведнікамі і прапаведаваць, але таксама быў сапраўднай і правільнай школай святарскага жыцця, дзе святары фармаваліся ў духоўнасці святога Ігнацыя Лаёлы і ў маральнай і пастырскай тэалогіі вялікага святога біскупа Альфонса Марыі Лігуоры. Вобраз святара, з якім кс. Кафассо пазнаёміўся у Convitto і ўмацаванню якога ён сам спрыяў, асабліва як рэктар, быў вобразам сапраўднага пастыра з багатым унутраным жыццём і глыбокай руплівасцю ў служэнні, вернага малітве, адданага прапаведніка і катэхета, ахвярнага ў цэлебрацыі Святой Эўхарыстыі і ў служэнні пад час сакрамэнту споведзі.

Святы Юзаф Кафассо імкнуўся рэалізаваць гэтую мадэль у фармацыі маладых святароў, каб яны, у сваю чаргу, сталі настаўнікамі фармацыі іншых святароў, законнікаў і свецкіх, утвараючы асаблівы і эфектыўны ланцуг. Са сваёй кафедры маральнай тэалогіі ён вучыў іх быць добрымі спаведнікамі і духоўнымі кіраўнікамі, якія клапоцяцца аб праўдзівым духоўным дабры людзей, матываванымі як жаданнем адчуць Божую міласэрнасць, так і вострым і жывым пачуццём граху. Настаўнік Кафассо меў тры асноўныя цноты, як узгадваў святы Ян Боско: спакой, мудрасць і разважлівасць.

Ён і сам быў прыкладам тых цнотаў, якія прапаведваў, шмат гадзін удзяляў служэнню ў сакрамэнце споведзі. Да яго імкнуліся біскупы, святары, законнікі, знатныя свецкія і простыя людзі. Ён для кожнага знаходзіў неабходны час. Ксёндз Кафассо таксама быў мудрым духоўным дарадцам для многіх, хто ў выніку стаў святым і заснавальнікам рэлігійных інстытутаў. Яго вучэнне ніколі не было абстрактным і не грунтавалася выключна на кнігах, якія выкарыстоўваліся ў той перыяд. Наадварот, яно паходзіла з жывога вопыту Божай міласэрнасці і глыбокага пазнання чалавечай душы, якое ён набыў падчас доўгіх гадзін, праведзеных у канфесіянале і ў духоўным служэнні: гэта была сапраўдная школа святарскага жыцця.

Яго сакрэт быў просты: быць чалавекам Божым; малымі штодзённымі ўчынкамі рабіць “тое, што можа прынесці яшчэ большую хвалу Божую і паслужыць для дабра душаў". Ён бязмежна любіў Бога, яго ажыўляла моцная ўкаранёная вера, якая падтрымлівалася глыбокай і працяглай малітвай і праяўлялася ў шчырай міласэрнасці да ўсіх. Ён быў дасведчаны ў маральнай тэалогіі, але таксама быў знаёмы з абставінамі і сэрцамі людзей, пра дабро якіх ён клапаціўся як добры пастыр. Тыя, хто меў ласку быць побач з ім, перамяняліся ў такіх жа добрых пастыраў і мудрых спаведнікаў. Ён ясна паказваў усім святарам святасць, да якой яны павінны імкнуцца. Ксёндз Клемент Маркізіо, заснавальнік суполкі Дачок святога Юзафа, казаў: “Вы ўваходзілі ў Convitto як вельмі гарэзны, бяздумны юнак, які не ўяўляў, што значыць быць святаром; і выходзілі зусім іншым, у поўнай меры ўсведамляючы годнасць святара".

Колькі святароў было падрыхтавана ім у Convitto, а затым суправаджалася духоўна! Сярод іх таксама і святы Ян Боско, для якога ксёндз Кафассо быў духоўным кіраўніком на працягу 25 год, з 1835 па 1860. Пры прыняцці ўсіх фундаментальных рашэнняў у сваім жыцці святы Ян Боско раіўся са святым Юзафам Кафассо. Але рабіў гэта вельмі спецыфічна. Кафассо ніколі не імкнуўся сфармаваць ксяндза Боско як вучня “на свой вобраз і падабенства”, і ксёндз Боско ніколі не капіраваў свайго настаўніка. Ён, безумоўна, пераймаў чалавечыя і святарскія цноты Кафассо і апісваў яго як узор святарскага жыцця, але ў адпаведнасці з яго асабістым характарам і яго асаблівым пакліканнем. Знак мудрасці духоўнага настаўніка і розуму вучня: першы не навязваў сябе другому, але паважаў яго асобу і дапамагаў яму тлумачыць волю Божу. Гэта каштоўны ўрок для ўсіх, хто ўдзельнічае ў фармацыі і выхаванні маладых пакаленняў, а таксама моцны напамін аб тым, наколькі важна мець у жыцці духоўнага правадніка, які дапамагае зразумець, чаго Бог чакае ад чалавека.

Калісьці св. Юзаф Кафассо з прастатой і глыбінёй сказаў: “Уся святасць, дасканаласць і карысць чалавека палягаюць у дасканалым выкананні Божай волі... Шчаслівыя мы, калі нам удаецца выліць нашы сэрцы ў Божыя, злучыць нашы жаданні і нашу волю з Яго да такой ступені, што сфарміравана адно сэрца і адна воля. Жаданне таго, што хоча Бог, жаданне ісці той дарогай, у той час і ў тых абставінах, якіх Ён жадае, і жаданне ўсяго гэтага толькі таму, што такая воля Божая”.

І яшчэ адзін элемент характарызуе служэнне святога Юзафа: увага да найменшых і асабліва да вязняў, якія ў Турыне XIX стагоддзя жылі ў бесчалавечных умовах. У гэтым чулым служэнні, якое ён выконваў больш за дваццаць год, ён заўсёды быў добрым, разумеючым і спагадлівым пастырам. Такія якасьці заўважалі ў ім зняволеныя, сэрцы якіх ён у канчатковым выніку заваяваў сваёй шчырай любоўю, пачаткам якой быў сам Бог. Простая прысутнасць Кафассо прыносіла карысць: супакойвала, кранала сэрцы, ачарсцвелыя жыццёвымі падзеямі, а перш за ўсё прасвятляла і ўзрушвала абыякавае сумленне. Пад час свайго ранняга турэмнага служэння ён часта звяртаўся да вялікіх пропаведзяў, у якія ўдавалася ўцягнуць амаль усіх прысутных. З цягам часу ён аддаваў перавагу простай катэхезе ў размовах і асабістых сустрэчах. Паважаючы справы кожнага чалавека, ён закранаў важныя тэмы хрысціянскага жыцця, гаворачы пра давер да Бога, вернасць Яго волі, пра карысць малітвы і сакрамэнтаў, мэтай якіх з’яўляецца сустрэча з Богам. Асуджаныя на смерць былі аб’ектам асаблівай чалавечай і духоўнай апекі. Ён суправаджаў на эшафот 57 асуджаных на смерць, спавядаў іх і ўдзяляў ім Эўхарыстыю. Ён суправаджаў іх з глыбокай любоўю да апошняга.

Юзаф Кафассо памёр 23 чэрвеня 1860 года. Ён пражыў жыццё, цалкам ахвяраванае Богу і прысвечанае бліжняму. Папа Пій XII кананізаваў Юзафа Кафассо 22 чэрвеня 1947 года.

 9 красавіка 1948 года Папа абвясціў кс. Кафассо апекуном італьянскіх турмаў, а 23 верасня 1950 г. у сваёй Апостальскай адгартацыі Menti Nostrae (“Нашым розумам”) даў яго ўзорам для святароў, асабліва твх, якія займаюцца споведдзю.

Падзяліцца: