Благаслаўлёны Зеферыно Намункура

(Zefferino Namuncurá)
1886-1905
Успамін 26 жніўня
Зеферыно Намункура нарадзіўся 26 жніўня 1886 года ў Чымпаі (Аргенціна), на беразе Рыа-Негра. Ён быў сынам Мануэля Намункуры — апошняга вялікага касіка індзейскіх плямёнаў араўкан, які за некалькі гадоў да гэтага быў вымушаны здацца войскам Аргенцінскай Рэспублікі.
Пасля адзінаццаці гадоў жыцця ў роднай вёсцы бацька адправіў Зеферыно на вучобу ў Буэнас-Айрэс, спадзеючыся, што той зможа ў будучыні дапамагчы свайму народу. У салезіянскім калегіуме хлопец трапіў у атмасферу сямейнасці і веры, што абудзіла ў ім глыбокую любоў да кс. Боско.
Зеферыно перажываў інтэнсіўны духоўны рост і паступова адчуў пакліканне стаць салезіянскім святаром, каб евангелізаваць свой народ. Сваім узорам ён выбраў святога Дамініка Савіо і на працягу пяці гадоў прыкладаў вялікія намаганні, каб адаптавацца да новага асяроддзя і культуры. За сваю пабожнасць, дабразычлівасць і вернасць абавязкам ён атрымаў мянушку «новы Дамінік Савіо».
Спачатку яму было цяжка жыць паводле строгіх правілаў калегіума, але з часам ён стаў прыкладам для іншых. Ён старанна выконваў свае абавязкі, добра вучыўся і быў чалавекам малітвы. Сярод вучняў Зеферыно карыстаўся аўтарытэтам: часта выступаў міратворцам у спрэчках, а яго словы мелі вагу. Яго глыбокая пабожнасць праяўлялася нават у дробязях — напрыклад, ён вельмі ўважліва і разважліва рабіў знак крыжа.
У 1903 годзе, калі Зеферыно было каля шаснаццаці з паловай гадоў, арцыбіскуп Кальера прыняў яго ў групу аспірантаў у Вьедме для вывучэння лацінскай мовы. У сувязі са слабым здароўем салезіянскі біскуп вырашыў накіраваць яго ў Італію, каб ён працягваў навучанне ў больш спрыяльных умовах.
У Італіі Зеферыно сустрэўся з ксяндзом Мікеле Руа і папам Піем X, які благаславіў яго імкненні. Ён вучыўся ў Турыне, а затым у салезіянскім каледжы ў Віла-Сора (Фраскаці), дзе вызначаўся стараннасцю ў вучобе.
Аднак сухоты, своечасова не выяўленыя (бо ён ніколі не скардзіўся), паступова падарвалі яго здароўе. 28 сакавіка 1905 года яго даставілі ў шпіталь Фатэбенефратэлі на востраве Тыбр у Рыме, але было ўжо позна. 11 мая 1905 года ён мірна адышоў да Пана.
З 1924 года яго зямныя парэшткі спачываюць на радзіме, у Фортын Мэрсэдэс, куды прыбываюць шматлікія пілігрымы.
22 чэрвеня 1972 года Зеферыно Намункура быў абвешчаны Слугой Божым, а 11 лістапада 2007 года, падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI, быў беатыфікаваны.