Благаслаўлёны Тытус Зэман

(Fr. Titus Zeman)

1915-1969

Успамін 8 студзеня

Гісторыя Тытуса Зэмана - выдатны прыклад вернасці справе ксяндза Боско. Асабліва гэтая вернасць праяўлялася праз руплівасць і жаданне выратаваць пакліканне маладых салезіянаў у часы ўсталявання і дзейнасці камуністычнага рэжыму.

Тытус Зэман нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і 4 студзеня 1915 г. у Вайнорах каля Браціславы (сталіца сучаснай Славакіі). Ён з 10 год жадаў стаць святаром, скончыў сярэднюю школу і гімназію ў салезіянскіх дамах. Тытус прыняў навіцыят у 1931 г., а 7 сакавіка 1938 г. склаў вечныя манаскія абяцанні ў Сакро Куорэ ў Рыме.

Вывучаў тэалогію ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, а потым у К’еры, вольны час выкарыстоўваў для апостальства ў араторыі. У Турыне 23 чэрвеня 1940 г. ён дасягнуў жаданай мэты і праз ўскладанне рук кардынала Маўрыліё Фоссаці атрымаў святарскае пасвячэнне. Першую святую Імшу ён адслужыў 4 жніўня 1940 г. у сваім родным мястэчку Вайноры.

Калі ў красавіку 1950 г. чэхаславацкі камуністычны рэжым забараніў рэлігійныя манаскія таварыствы і пачаў дэпартаваць кансэкраваных мужчын і жанчын у канцэнтрацыйныя лагеры, узнікла неабходнасць арганізаваць патаемныя паездкі ў Турын, каб семінарысты маглі завяршыць навучанне. Ажыццяўленне гэтай рызыкоўнай місіі ўзяў на сябе кс. Тытус Зэман.

Слуга Божы арганізаваў дзве экспедыцыі для больш чым 60 маладых салезіянаў. У трэцяй экспедыцыі кс. Зэман быў арыштаваны разам з уцекачамі. Ён перажыў жорсткі суд, падчас якога яго назвалі здраднікам радзімы і ватыканскім шпіёнам, і прысудзілі яму смяротны прысуд. 22 лютага 1952 г. з улікам змякчальных абставін прысуд змянілі на 25 гадоў зняволення ў канцэнтрацыйным лагеры. У турме ксёндз Тытус перажываў шматлікія здзекі за свае рэлігійныя перакананні.

Кс. Зэман быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова 10 сакавіка 1964 г. пасля 12 гадоў зняволення. Стан яго здароўя быў вельмі пашкоджаны праз пакуты і цяжкія ўмовы прыбывання ў вязніцы. Ён памёр праз пяць год, 8 студзеня 1969 г., заслужыўшы рэпутацыю мучаніка і святога.

Праз свае выпрабаванні Тытус Зэман прайшоў з вялікім духам ахвярнасці і самааддачы. “Нават калі б я страціў жыццё, я б не палічыў гэта марным, ведаючы, што прынамсі адзін з тых, каму я дапамагаў, стаў святаром замест мяне”, - казаў кс. Зэман.

27 лютага 2017 г. Папа Францішак ўхваліў дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва і гераічнасці цнотаў васьмі кандыдатаў да хвалы алтароў, адным з васьмі быў салезіянін Тытус Зэман SDB.

30 верасня 2017 у Браціславе кардынал Анджэло Амато, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананазацыі, абвясціў ксяндза салезіяніна Тытуса Зэмана благаслаўлёным.

 

Падзяліцца: