Блажэнны Папа Пій IX 

Бл. Пій IX

(Pius IX)

Першы салезіянін-супрацоўнік

Дата нараджэння: 13.05.1792 г.

Месца нараджэння: Сенігалія (Італія)

Святарскае пасвячэнне: 10.04.1819 г.

Абранне Папам Рымскім: 16.06.1846 г.

Дата смерці: 07.02.1878 г.

Месца смерці: Рым (Італія)

Беатыфікацыя: 03.09.2000 г.

Літургічная памяць: 07 лютага

Джавані Марыя Мастаі Ферэці (Пій IX) быў дзевятым сынам графа Джыралама і Кацярыны Салацы. Ён нарадзіўся ў Сенігаліі 13 траўня 1792 г. З 1803 па 1808 гг. ён вучыўся ў Каледжы для дваран ордэна «Сколапі» ў Вальтэры. Ён жадаў стаць святаром, але быў вымушаны перапыніць вучобу з-за раптоўных эпілептычных прыпадкаў. У 1815 г. ён атрымаў ласку ацаленьня ў Ларэта. Пасля гэтага ён аднавіў вучобу ў духоўнай семінарыі і ў 1819 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. У 1823 г. ён у якасці місіянера адправіўся ў Чылі, дзе правёў два гады.

Калі Джавані Ферэці было 35 год, яго прызначылі арцыбіскупам г. Спалета. А у 1832 г. ён стаў арцыбіскупам у Імоле. У 1840 г. ён стаў кардыналам, а 16 чэрвеня 1846 г., падчас чацвёртага галасавання, атрымаў 36 з 50 галасоў кардыналаў, якія прысутнічалі на канклаве, быў абраны Папам Рымскім. У той момант яму было 54 гады. Пасля абрання пантыфікам Пій IX правёў шматлікія рэформы ў Папскай вобласці: свабода друку, свабода яўрэяў, першыя чыгункі, выданне Папскага канстытуцыйнага статута. Аднак у 1848 г. пачаўся ягоны «пераслед» з-за таго, што ён не падтрымаў вайну супраць Аўстрыі.

Ксёндз Боско быў на першай аўдыенцыі ў Пія IX 9 сакавіка 1858 г. Ім абодвум здавалася, што яны сустрэліся са святым чалавекам. Пій IX падтрымліваў і накіроўваў Дона Боско ў заснаванні Салезіянскай Кангрэгацыі. Ён прапанаваў назваць яе «грамадства», а не «ордэн», каб ісці ў нагу з часам, прапанаваў не даваць урачыстых абяцанняў, параіў паўсядзённае адзенне і не занадта складаныя практыкі набожнасці.

Пій IX пераканаў ксяндза Боско напісаць мемуары для таго, каб пакінуць іх духоўнай спадчынай для салезиян. Падчас пантыфікату, ён ухваліў Салезіянскую Кангрэгацыю, Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціян і аб'яднанне салезіянаў-супрацоўнікаў, а таксама сам стаў першым салезіянцам-супрацоўнікам.

Дон Боско моцна любіў Пія IX, прымаў усе яго парады і выконваў усе яго просьбы любой цаной: «Я гатовы да любых ахвяр, - казаў ксёндз Боско, - дзеля Папы Рымскага і Касцёла». Папа Рымскі з вялікай павагай ставіўся да Яна Боско і некалькі разоў выклікаў яго ў Рым, каб вырашаць розныя дыпламатычныя пытанні.

8 снежня 1854 г. Пій IX абвясціў дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1869 г. ён склікаў Першы Ватыканскі сабор. 8 снежня 1870 г. абвясціў св. Юзафа апекуном паўсюднага Касцёла. 16 чэрвеня 1875 г. асвяціў царкву Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Рыме, пабудаваную ксяндзом Боско. Пій IX памёр 7 лютага 1878 г., яго пантыфікат доўжыўся 32 гады.

Падзяліцца: