Бл. Марыя Рамеро

Благаслаўлёная Марыя Рамеро

(María Romero Meneses)

1902 – 1977

Успамін 7 ліпеня

Марыя Рамеро Мэнэзэс нарадзілася ў Гранадзе, Нікарагуа, 13 студзеня 1902 году ў вельмі заможнай сям'і. Яе бацька быў міністрам у рэспубліканскім урадзе. Ён праяўляў вялікі клопат да людзей, пазбаўленых спадчыны. Марыя змалку даведалася, што значыць займацца дабрачыннасцю нават у складаных умовах.

Сям'я марыла аб вялікім будучым для Марыі: яна вучылася музыцы, грала на фартэпіяна і скрыпцы.

Ва ўзросце дванаццаці гадоў яна паступіла ў каледж Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, там яна праяўляла сябе як адкрытая і жыццярадасная дзяўчына. Яна адчувала, што харызма ксяндза Боско была створана менавіта для яе. У навіцыяце Марыя выкладала музыку і несла паслугу ў нядзельным араторыі, дзе ўпершыню сутыкнулася з праблемамі беднасці дзяўчат. Склаўшы вечныя манаскія абяцанні, адправілася ў сталіцу Коста-Рыкі Сан-Хасэ, які стаў яе другім домам.

Марыю накіравалі выкладаць у каледж для заможных маладых дзяўчат. Але перш за ўсё яна шукала бедных і пакінутых дзяцей, як Дон Боско. Яна фармавала маладых дзяўчат, выбіраючы іх сярод сваіх лепшых вучаніц, і прапаноўвала ім працаваць ў араторыях. Яна называла іх las misioneritas (“маладыя місіянеры”). Яны хадзілі ў бедныя дамы, дапамагалі гаспадарам прыбіраць, прыносілі ежу і вопратку, сабраныя сястрой Марыяй, а таксама праводзілі катэхезу. Затым сястра пачала засноўваць нядзельныя араторыі для самых бедных дзяцей. Усяго было заснавана 36 такіх араторыяў.

Марыя Рамеро называла Марыю Успамогу Хрысціянаў сваёй Каралевай, і да Яе сястра заўсёды звярталася з падзякамі і просьбамі. Марыя Успамога адказвала на малітвы і пасылала да сястры добрых і адкрытых людзей, гатовых дапамагаць патрабуючым. Дзякуючы фінансавай дапамозе добраахвотнікаў, а таксама добраахвотнай працы медыкаў розных спецыяльнасцей у Марыі Рамеро атрымалася стварыць шпіталь для аказання медыцынскай і фармацэўтычнай дапамогі. У будынку шпіталя таксама былі памяшканні для катэхізацыі, вучобы і капліца для малітвы.

Падчас свайго зямнога жыцця сястра Марыя пісала “Escritos Espirituales”.

“Ciudadellas” Марыі Успамогі

Сястра Марыя пабудавала сапраўдныя дамы для бяздомных, “ciudadelas de María Auxiliadora”. Гэтыя дамы дзейнічаюць па сённяшні дзень. У гэтым дапамагае свецкая грамадская асацыяцыя “Asociación Ayuda a los Necesitados”.

Для распаўсюджвання салезіянскай пабожнасці да Марыі Успамогі сястра Марыя пабудавала касцёл у цэнтры Сан-Хасэ.

Як ксёндз Боско і Маці Марыя Мадзарэлло, сястра Марыя была сузіральніцай у дзеянні. Дзякуючы свайму моцнаму саюзу з Богам яна стала духоўнай дарадчыцай для вялікай колькасці людзей.

Сястра Марыя Рамеро FMA памерла ад сардэчнага прыступу 7 ліпеня 1977 г. Урад Коста-Рыкі абвясціў яе ганаровай грамадзянкай краіны. Яе цела ляжыць у Сан-Хасэ-дэ-Коста-Рыка, на тэрыторыі вялікага комплексу, які яна калісьці заснавала.

Ян Павел ІІ беатыфікаваў сястру Марыю Рамеро FMA 14 красавіка 2002 г.

Падзяліцца: