Галоўная Хто мы Гісторыя Хроніка візіту Генеральнага Настаяцеля ксяндза Анхеля Фярнандэса Арцімэ SDB

Хроніка візіту Генеральнага Настаяцеля ксяндза Анхеля Фярнандэса Арцімэ SDB

8 ліпеня ў Мінск прыбудзе Генеральны настаяцель Таварыства святога Францішка Сальскага кс. Анхель Фярнандэс Арцімэ SDB. Святар прабудзе ў Беларусі да 11 ліпеня і за гэты час наведае ўсе салезіянскія пляцоўкі краіны.

Кульмінацыяй візіту Генеральнага настаяцеля стане яго ўдзел у святкаванні Дня адзінства салезіянскай сям’і ў Беларусі, якое адбудзецца ў Мінску 10 ліпеня. Пасля святой Імшы, якую ўзначаліць іспанскі госць, адбудзецца яго сустрэча з моладдзю.

Відэа «Салезіяне Дона Боско ў чаканні Генеральнага настаяцеля»:

#NewBoscoBelarus

Вечарам 8 ліпеня ў міжнародным аэрапорце «Мінск-2» прызямліўся самалёт, на борце якога знаходзіўся Генеральны настаяцель Таварыства святога Францішка Сальскага ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ SDB.

Беларуская салезіянская сям’я амаль паўгода рыхтавалася да моманту, калі нага дзясятага паслядоўніка Дона Боско зробіць крок на нашай зямлі.

Прывітаць ксяндза Анхеля ў аэрапорт прыбыла дэлегацыя на чале з Рэгіянальным настаяцелям таварыства святога Францішка Сальскага ў Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB і дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB.



Пасля ўсе разам скіраваліся ў Бараўляны, дзе Генеральнага настаяцеля з вялікім нецярпеннем чакала моладзь, каб прывітаць і засведчыць сваю радасць і павагу.

Нягледзячы на дастаткова позні час, у Бараўлянах сабралася вялікая колькасць маладых людзей з усіх месцаў салезіянскай прысутнасці ў Беларусі. Прывітаўшы Генеральнага настаяцеля традыцыйнымі хлебам і соллю, моладзь прадставіла невялікую сцэнку ў нацыянальных касцюмах.



Ксёндз Віктар Гайдукевіч прывітаў шаноўнага госця, а таксама выказаў вялікую радасць, якая перапаўняе сэрцы тых, хто мае дачыненне да салезіянскай харызмы ў Беларусі. Рэгіянальны настаяцель не стрымаў свайго хвалявання, як і ўсе сабраты, што пацвердзіла шчырасць і цеплыню прыёму. Словы прывітання да госця скіраваў і біскуп Аляксандр Яшэўскі ад свайго імя, ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ ў сваю чаргу выказаў вялікую радасць ад прысутнасці сярод беларускіх салезіян, адзначыўшы, што салезіянская сям’я ў Беларусі хоць і невялікая, але вельмі жывая, і менавіта таму варта было сюды прыехаць. Пасля Генеральны настаяцель асабіста прывітаў кожнага сабрата, кожную манахіню і ўсіх прысутных, падыйшоўшы да кожнага, абняўшы і пацалаваўшы.


Затым Генеральны настаяцель і сабраты скіраваліся на супольную вячэру, а пасля на адпачынак.

Відэа сустрэчы

Ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ прабудзе ў Беларусі два поўныя дні. Для беларускіх салезіян гэта вельмі мала, таму яны будуць імкнуцца, каб за гэты кароткі час госць пазнаёміўся з усёй прыгажосцю нашай краіны, з верай нашага народа, з салезіянскімі суполкамі і адчуў любоў беларусаў.

9 ліпеня ў капліцы ў Бараўлянах Генеральны настаяцель Таварыства святога Францішка Сальскага ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ SDB, які знаходзіцца з візітам у Беларусі, цэлебраваў святую Імшу разам з усімі сабратамі салезіянамі.

Салезіяне былі вельмі ўзрушаныя і натхнёныя магчымасцю супольнай малітвы з Генеральным настаяцелям на беларускай зямлі.

У гаміліі ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ звярнуў увагу сабратоў на тое, што святарам неабходна навучыцца быць апосталамі, прапаведаваць так, каб не прапаведаваць сябе і тое, што думаю толькі сам. «Ніхто з апосталаў не ідзе, каб абвяшчаць самога сябе і для нас, святароў, — адзначыў Генеральны настаяцель. — Гэта сапраўднае заданне — казаць сапраўды пра Пана, казаць сапраўды пра Езуса. Для выканання гэтага задання неабходна з’яднацца з Панам Езусам. Мы, як сыны святога Яна Боско і дочкі Марыі Успамогі Хрысціянаў, павінны несці Евангелле з салезіянскай радасцю. Калі мы, салезіяне, знаходзімся недзе, то Касцёл патрабуе, каб там прысутнічаў дух святога Яна Боско».

Святая Імша з сабратамі

Пасля Імшы Генеральны настаяцель сустрэўся з радай дэлегатуры. На сустрэчы прысутнічалі інспектар з Польскай інспекторыі ксёндз Анджэй Вуйчык SDB і сакратар ксёндз Дарэк Мікалайчык SDB.

Пасля азнакамлення са справамі салезіянскай сям’і ў Беларусі ксёндз Анхель сустрэўся з усімі сабратамі дэлегатуры. Была прадстаўлена мультымедыйная прэзентацыя пра гісторыю салезіянскай сям'і ў Беларусі, падрыхтаваная моладдзю.



«Якія мары мае салезіянская Беларусь? Не трэба баяцца марыць! Ксёндз Боско марыў усё жыццё, і ён дапаможа салезіянскай Беларусі здзейсніць свае мары!» — з такімі словамі Генеральны настаяцель звярнуўся да сабратоў, у сваю чаргу таксама паабяцаўшы ім сваю падтрымку.

Ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ сустрэўся таксама з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB.

Мітрапаліт падзякаваў Генеральнаму настаяцелю за працу духоўных сыноў ксяндза Боско ў Беларусі, адзначыў іх важную ролю ў адраджэнні каталіцкіх структур у нашай краіне, падкрэсліў вялікую працу, якую яны робяць сёння, і выказаў надзею, што і ў будучыні салезіянская сям’я ў Беларусі будзе развівацца і павялічвацца, каб прынесці вялікі плён нашай краіне.

10 ліпеня ў Мінску прайшоў Дзень еднасці салезіянскай сям’і. Гэта штогадовая сустрэча традыцыйна звязана з імянінамі альбо днём нараджэння настаяцеля салезіянаў дадзенай інспекторыі, візітаторыі, дэлегатуры. Салезіянская сям’я ў Беларусі адзначае яго ў дзень нараджэння дэлегата кс. Віктара Гайдукевіча SDB, але ў гэтым годзе ён быў перанесены з нагоды візіту Генеральнага настаяцеля салезіянаў ксяндза Анхеля Фярнандэса Арцімэ SDB.

На свята з’ехаліся вернікі з усіх месцаў салезіянскай прысутнасці ў Беларусі.



Дзень еднасці пачаўся ўрачыстай святой Імшой у касцёле святога Яна Боско, які будуецца. Эўхарыстыю ўзначаліў Генеральны настаяцель салезіянаў, удзел у ёй прынялі таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDВ, святары з усіх салезіянскіх дамоў Беларусі і іншыя шаноўныя госці.

Уступнае слова на пачатак Імшы прамовіў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падзякаваў Генеральнаму настаяцелю за адданую працу салезіянскай сям’і ў Беларусі, параўнаўшы яе з будаўніцтвам касцёла, які закладзены на моцным фундаменце, як і салезіянская сям’я закладзена на фундаменце фармацыі святога Яна Боско. Касцёл, па словах арцыпастыра, мае вялікі мур, як вялікія духоўныя мэты маюць салезіяне, але працы як у будаўніцтве, так і ў развіцці салезіянскай сям’і ў Беларусі яшчэ вельмі шмат.

Ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ ў гаміліі звярнуў увагу на тое, што, каб быць міласэрным хрысціянінам, не трэба быць кіраўніком салезіянскай сям’і, біскупам ці Папам Рымскім — дастаткова проста быць міласэрным, і менавіта да міласэрнай любові да бліжняга заклікае Езус. Таксама Генеральны настаяцель адзначыў, што раней мала што ведаў пра Беларусь і не мог нават уявіць такой прыгажосці прыроды, а асабліва быў уражаны прыгажосцю беларускіх сэрцаў. Святар падзякаваў за адкрытыя вочы, усмешкі на тварах і шчырае жаданне жыць паводле Божых запаведзяў.

Напрыканцы Імшы Рэгіянальны настаяцель Таварыства святога Францішка Сальскага ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч падзякаваў усім, хто дапамог у падрыхтоўцы свята, біскупам, святарам, моладзі. Найбольш сардэчныя і цёплыя словы святар скіраваў Генеральнаму настаяцелю, падзякаваўшы за той гонар, які ён аказаў Беларусі сваім прыездам, за выказаную падтрымку і штуршок да далейшага самастойнага развіцця салезіянскіх структур у нашай краіне: ксёндз Анхель Фярнандэс Арцімэ выказаў намер, каб у хуткім часе на тэрыторыі Беларусі паўстала самастойная салезіянская візітаторыя.

На заканчэнне Эўхарыстыі Генеральны настаяцель удзяліў прысутным благаслаўленне.

А пасля адбылася святочная праграма на вуліцы каля касцёла.

Інтэрв'ю з Генеральным настаяцелем, ксяндзом Анхелям Фярнандэсам Арціме SDB

Падзяліцца: