Галоўная Хто мы Гісторыя Перэгрынацыя рэліквій святога Яна Боско. 2013

Перэгрынацыя рэліквій святога Яна Боско. 2013

З 25 па 30 жніўня ў Беларусі адбудзецца перэгрынацыя рэліквій святога Яна Боско. Рэлікварый з парэшткамі святога наведае ўсе салезіянскія супольнасці ў нашай краіне: Мінск, Бараўляны, Раўбічы, Багданава, Смаргонь, Баруны, Варняны, Жупраны, Дзятлава, Наваельню і Гродна.

Перэгрынацыя з’яўляецца падрыхтоўчым этапам у святкаванні 200-годдзя святога, якое прыпадае на 16 жніўня 2015 года.

Беларусь — адна са 130 краін, якая далучылася да сусветнай перэгрынацыі рэліквій, што трывае з 2009 г. і працягнецца да 2015 г. Чакаецца, што за гэты час рэліквіі святога пабываюць у 130-ці краінах на пяці кантынентах, наведваючы ўсе месцы, дзе прысутнічае салезіянская харызма.

Сёння ў свеце налічваецца каля 15 тысяч салезіянаў. У Беларусі працуе 18 субратоў супольнасці, якія абслугоўваюць 10 парафій.

Больш падрабязная інфармацыя пра гісторыю перэгрынацыі св. Яна Боско, а таксама дакладны маршрут перэгрынацыі па тэрыторыі Беларусі будуць пададзеныя на нашым сайце неўзабаве. Сачыце за абнаўленнямі.

Ілья Лапато

Відэа

Рэліквіі святога Яна Боска прыбылі ў мінскую архікатэдру

25 жніўня ў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прыбылі рэліквіі святога Яна Боска. Урачыстую святую Імшу, на якой прысутнічалі рэліквіі, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Святы Ян Боска — заснавальнік салезіянскай супольнасці, апякун і выхавацель моладзі. Яго духоўныя сыны працуюць у розных краінах, у тым ліку ў Беларусі.

На пачатку літургіі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў удзельнікаў асабліва маліцца за моладзь, каб «яна, выхоўваючыся на хрысціянскіх каштоўнасцях, стварала сваю будучыню ў духу Евангелля, была гонарам Касцёла і нашай бацькаўшчыны».

«Перэгрынацыя рэліквій гэтага святога павінна дапамагчы нам лепей зразумець яго духоўнасць і асабліва неабходнасць клопату аб выхаванні моладзі, якая найбольш падвержана негатыўным уплывам сучасных секулярных тэндэнцый да такой ступені, што будуе жыццё без захавання маральных каштоўнасцяў», — звярнуў увагу Мітрапаліт.


У гаміліі, тлумачачы фрагмент Евангелля, у якім Езус, кажучы пра збаўленне людзей, раіць ім «імкнуцца прайсці праз вузкую браму», іерарх адзначыў: «Гэта Евангелле не аб тым, колькі людзей і якім чынам будуць збаўлены. Мы не можам гэтага ведаць, і Бог не хоча, каб мы ведалі, бо толькі Ён з’яўляецца суддзёй нашых душаў».

«Гэта таксама папярэджанне Езуса і аб тым, што многія будуць старацца ўвайсці праз цесную браму, аднак не здолеюць, бо ў змаганні ўвайсці ў Божае Валадарства яны пакладаюцца выключна на свае сілы. Нам неабходна памятаць, што самі мы нічога не зробім. Нам неабходна Божая дапамога», — дадаў арцыпастыр.

«Вузкай брамай», як падкрэсліў Мітрапаліт, з’яўляецца сам Хрыстус — «адзіны шлях да вечнага шчасця». «Гэтым самым Хрыстус патрабуе ад нас евангельскага радыкалізму. Шырокая, грэшная дарога не вядзе да вечнага шчасця. Многія, можа, хацелі б ісці такім жыццёвым шляхам, на якім жылі б так, як ім хацелася б. Але так немагчыма», — звярнуў увагу іерарх. Заклік старацца ўвайсці праз цесную браму азначае «жыццё чалавека паводле Божага закону, супрацоўніцтва з Богам і цяжкую працу над сабой і сваім духоўным жыццём, каб дазволіць Святому Духу кіраваць ім».


«Вузкая брама таму і вузкая, каб праз яе мог прайсці не абцяжараны, без непатрэбнага грузу і пакункаў, чалавек. Гэтым цяжарам з’яўляюцца нашы грахі. Таму нам неабходна найперш звяртацца да Божай міласэрнасці, каб сябе ачысціць, — патлумачыў арцыбіскуп. — Брама ў Божае Валадарства вузкая, і праз яе нельга пранесці нашу пыху, ганарлівасць, хлусню і іншыя грахі».

Па словах Мітрапаліта, «гэтую праўду добра разумеў св. Ян Боска»: ён «разумеў, што ад выхавання моладзі будзе залежаць як лёс яе самой, так і будучыня грамадства». У выхаваўчым метадзе гэтага святога «вялікая ўвага звярталася на тое, каб не дапусціць чалавека да злых учынкаў»: ён імкнуўся «так выхоўваць моладзь, каб яна ўжо на самай першай стадыі спакусаў свету магла адказаць на іх станоўчым „не“».

«Выхаваўчы метад св. Яна Боска актуальны і ў наш час. Чым жыве сучасная моладзь? Якія ідэалы практыкуе ў сваім жыцці? Ці клапоціцца аб захаванні чысціні душы? Што яе найперш цікавіць? Моладзі не хапае дастатковага духоўнага выхавання, і яна часта траціць надзею. Менавіта таму яна вельмі падатлівая на спакусы свету, — заўважыў арцыпастыр. — Сёння, калі ідзе барацьба за душы людзей, мы павінны звярнуць сваю ўвагу на хрысціянскае выхаванне моладзі, ад якой залежыць будучыня свету і Касцёла».

«Святы Ян Боска, сёння рэліквіі тваёй рукі, якія знаходзяцца ў грудной частцы тваёй фігуры, прыбылі ў Беларусь. Гэта тая самая рука, якой ты благаслаўляў маладых людзей у Турыне. Паблагаславі сёння нашу моладзь, каб яна ведала, што ў Божае Валадарства вядуць вузкія дзверы і іх можна прайсці толькі тады, калі мы не будзем абцяжараны грахамі і нядобрымі ўчынкамі. Благаславі ўсіх нас, каб мы зразумелі, што нішто нячыстае не ўвойдзе ў радасць вечнага шчасця», — з такімі словамі звярнуўся Мітрапаліт да святога ў малітве.


Іерарх пажадаў, каб дзякуючы перэгрынацыі рэліквій св. Яна Боска «мы сапраўды ачысціліся ад непатрэбнага цяжару і былі годнымі ўвайсці ў Божае Валадарства».

Пасля Імшы вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі і памаліцца перад імі.

Перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боска будзе адбывацца ў Беларусі з 25 па 31 жніўня.

У рэлікварыі знаходзіцца дакладная копія фігуры Яна Боска, зробленая з воску, апранутая ў альбу і арнат. У грудной клетцы фігуры змешчана правая далонь святога. Само цела святога знаходзіцца ў базыліцы Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Турыне (Італія).

 

25 жніўня рэліквіі святога Яна Боска, якія пачалі перэгрынацыю па Беларусі, прыбылі ў мінскую парафію Св. Яна Хрысціцеля, якой апякуюцца салезіяне. Святую Імшу ў парафіі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Увесь беларускі Касцёл аддае пашану вялікаму святому і выхавацелю моладзі св. Яну Боска, рэліквіі якога пачалі перэгрынацыю па нашай краіне, — адзначыў падчас Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Аднак асаблівая радасць пануе ў салезіянскай сям’і, бо ён яе заснавальнік і духоўны натхняльнік. Таму, св. Ян Боска, вітай у сябе, вітай у першай салезіянскай парафіі ў Беларусі, якую ты ў сваіх рэліквіях адведваеш!»

Разважаючы ў гаміліі над чытаннем Евангелля, у якім на пытанне, ці многія выратуюцца, Езус прапанаваў увайсці праз вузкую браму, Мітрапаліт заўважыў: «Сёння ў духоўным сэнсе чалавек хварэе на грахоўную надвагу, ён абвешаны багажом грахоў і нядобрых спраў, і таму яму цяжка ўвайсці ў вузкую браму, якая вядзе ў Божае Валадарства».

«Дзе знайсці лекі ад гэтай духоўнай хваробы? — працягваў іерарх. — Адказ дае святы Ян Боска. Дэвізам яго жыцця былі словы: “Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце”. Гэты дэвіз азначае, што на першым месце ў яго быў клопат пра духоўнае здароўе. Усё сваё жыццё ён прысвяціў духоўнаму здароўю моладзі, асабліва загубленай і беднай; той, якая знаходзілася на перыферыі жыцця, што вяло да незахавання Божага закону і нават да злачынстваў».

Мітрапаліт нагадаў, што ксёндз Ян Боска «ў кожным маладым чалавеку бачыў таго, хто можа быць добрым, справядлівым і сумленным». Ён «добра ведаў, што ніхто не нараджаецца злачынцам, а толькі становіцца ім пад уплывам іншых», і таму «засяродзіў сваю ўвагу на належным выхаванні маладога пакалення і прафесійнай падрыхтоўцы яго да самастойнага жыцця». «Яго ідэя заснаваць араторыі, у якіх моладзь знойдзе сабе адпаведны і згодны з духам Евангелля занятак, ажыццявілася і прынесла багаты плён», — дадаў арцыпастыр.

«Часы, у якія мы жывём, справядліва можна назваць часамі шматлікіх крызісаў. Мы толькі і чуем пра эканамічны, фінансавы, палітычны крызісы. Чуем і мы пра крызіс выхавання моладзі, — адзначыў Мітрапаліт. — Калі ў сучасным свеце ідзе вялікая барацьба за выйсце з розных крызісаў, то асаблівае месца павінна заняць змаганне за душы маладых людзей. І ў ім дапамогай нам з’яўляецца св. Ян Боска – вялікі педагог і выхавацель».

«Мы хочам мець такіх маладых людзей, якія стануць гонарам Касцёла і краіны. Таму сёння, падчас твайго, святы Ян Боска, візіту ў нашу краіну і асабліва ў салезіянскую парафію, у гэты мінскі араторый, звяртаемся да цябе: выпрасі ў Бога цуд выхавання новага пакалення моладзі на хрысціянскіх каштоўнасцях», — звярнуўся іерарх са словамі малітвы да святога.

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на прыбыццё рэліквій св. Яна Боска ў мінскую парафію Св. Яна Хрысціцеля (Серабранка)

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Святы Ян Боска, вітай у сябе!

Кожны святы – гэта святы для ўсяго Касцёла. Аднак калі мы праслаўляем яго, напрыклад, у месцы ці краіне, дзе ён нарадзіўся ці працаваў, гэтае праслаўленне становіцца асаблівым, бо ён блізкі. Падобна ёсць і сёння. Увесь беларускі Касцёл аддае пашану вялікаму святому і выхавацелю моладзі св. Яну Боска, рэліквіі якога пачалі перэгрынацыю па нашай краіне.

Аднак асаблівая радасць пануе ў салезіянскай сям’і, бо ён яе заснавальнік і духоўны натхняльнік. Таму, св. Ян Боска, вітай у сябе, вітай у першай салезіянскай парафіі ў Беларусі, якую ты ў сваіх рэліквіях адведваеш!

2. У сённяшнім Евангеллі Езус кажа: “Імкніцеся ўвайсці праз вузкую браму, бо многія паспрабуюць і не змогуць”. Напэўна, не ў аднаго з нас гэтыя словы Хрыста выклікаюць трывогу, бо з іх вынікае, што не многія будуць збаўлены. У сувязі з гэтым многія думаюць, што гэта, безумоўна, не адпавядае ідэі аб бязмежнай Божай міласэрнасці, у адпаведнасці з якой Бог не ёсць Богам страху, разумее нашы чалавечыя слабасці і таму ўсё даруе.

Ніхто не сумняецца ў тым, што Бог міласэрны, але не трэба забывацца, што пры гэтым Ён яшчэ і справядлівы.

На пытанне нейкага чалавека, ці многія выратуюцца, Езус прапанаваў увайсці праз вузкую браму. Кажучы гэта, Ён меў на ўвазе, што калі хтосьці не ўвойдзе ў вузкую браму, то не будзе збаўлены.

Усе мы добра ведаем, што нялёгка ісці ці ехаць вузкай дарогай. Таксама нялёгка ўвайсці праз цесныя дзверы. Каб гэта ўчыніць, неабходна пазбавіцца усяго таго, што нам перашкаджае гэта зрабіць. Проста кажучы, неабходна пазбавіца ад багажу, які нам перашкаджае, або пахудзець. У нашы часы ва ўсім свеце б’юць трывогу, што ў многіх людзей існуе надвага. Урачы пішуць рацэпты, як пахудзець. Прапануюцца спецыяльныя дыеты і г.д. Аднак на самой справе праблема надвагі існуе, і існуе перадусім таму, што мы няправільна харчуемся, найчасцей пераядаем і спажываем нядобрыя прадукты харчавання. І толькі той, хто сур’ёзна паглядзіць на праблему і будзе прытрымлівацца памяркоўнасці ў ежы, мае добры шанс пахудзець.

Падобна адбываецца і ў духоўным жыцці. Якімі духоўнымі прадуктамі мы харчуемся? Гэта Божая ласка, міласэрнасць, добрыя ўчынкі ці нязгоднае з Божым законам жыццё, несправядлівасць адносна іншых, нянавісць і г.д.? Да чаго найбольш імкнецца сучасны чалавек? Да ўлады, поспеху і задавальненняў. Яны становяцца новымі багамі, якім пакланяецца сучасны свет, у якім пануе дух секулярызму, маральнага рэлятывізму, спажывецтва і г.д. У імкненні да абсалютнай свабоды чалавек таксама дзейнічае супраць Божага закону. Такім чынам, сучасны чалавек усё часцей жыве так, як быццам Бога зусім няма. А нават калі ён і дапускае Яго існаванне, то хоча мець такога Бога, які выконвае яго патрабаванні. Такім чынам, у сучасным свеце ўсё ставіцца з ног на галаву. Таму не трэба дзівіцца, што ў духоўным сэнсе чалавек хварэе на грахоўную надвагу, ён абвешаны багажом грахоў і нядобрых спраў, і таму яму цяжка ўвайсці ў вузкую браму, якая вядзе ў Божае Валадарства.

Каб мець магчымасць гэта ўчыніць, неабходна, падобна як і ў выпадку з фізічнай надвагай, прымяніць адпаведную дыету. Гэта азначае пазбавіцца граху і жыць у стане Божай ласкі. Трэба памятаць, што грэх дэфармуе нас, і замест таго, каб быць святынямі Духа Святога, мы становімся святынямі злога духа.

3. Дзе знайсці лекі ад гэтай духоўнай хваробы? Як пахудзець з нашых грахоў? Адказ дае св. Ян Боска. Дэвізам яго жыцця былі словы: “Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце”. Гэты дэвіз азначае, што на першым месце ў яго быў клопат пра духоўнае здароўе.

Усё сваё жыццё ён прысвяціў духоўнаму здароўю моладзі, асабліва загубленай і беднай; той, якая знаходзілася на перыферыі жыцця, што вяло да незахавання Божага закону і нават да злачынстваў.

Ксёндз Ян Боска ў кожным маладым чалавеку бачыў таго, хто можа быць добрым, справядлівым і сумленным; бачыў надзею для грамадства і Касцёла. Ён добра ведаў, што ніхто не нараджаецца злачынцам, а толькі становіцца ім пад уплывам іншых. І таму ён засяродзіў сваю ўвагу на належным выхаванні маладога пакалення і прафесійнай падрыхтоўцы яго да самастойнага жыцця. Для гэтага ён апрацаваў спецыяльную прэвентыўную сістэму выхавання моладзі. У ёй сфармулявана яго педагагічная сістэма, у аснове якой знаходзіцца поўная адданасць настаўніка дзецям і поўнае выключэнне пакаранняў. Ён ведаў, што чалавек будзе такім, якім ён будзе выхаваны. Яго метад прэвентыўнага выхавання вытрымаў выпрабаванне часам і таксама актуальны сёння.

Яго ідэя заснаваць араторыі, у якіх моладзь знойдзе сабе адпаведны і згодны з духам Евангелля занятак, ажыццявілася і прынесла багаты плён. Мы бачым гэта і ў наш час, калі як грамадства, так і бацькі заклапочаны нармальным выхаваннем моладзі.

4. Часы, у якія мы жывём, справядліва можна назваць часамі шматлікіх крызісаў. Мы толькі і чуем пра эканамічны, фінансавы, палітычны і г.д. крызісы. Чуем і мы пра крызіс выхавання моладзі. А ад яе будзе залежаць наша будучыня. Калі ў сучасным свеце ідзе вялікая барацьба за выйсце з розных крызісаў, то асаблівае месца павінна заняць змаганне за душы маладых людзей. І ў ім дапамогай нам з’яўляецца св. Ян Боска – вялікі педагог і выхавацель моладзі.

Святы Ян Боска з’яўляецца апекуном чаляднікаў, рэдактараў, кнігавыдаўцоў і моладзі. Нядаўна мас-медыя абвясцілі аб адной прыватнай ініцыятыве аб’явіць яго таксама апекуном фокуснікаў, бо ён, выхоўвачы моладзь, любіў пацяшаць яе рознымі фокусамі.

Мы ўсе любім фокусы, часамі яны нават асацыююцца з цудамі.

Свету і нашай краіне патрэбны цуд выхавання моладзі на хрысціянскіх каштоўнасцях. Мы хочам мець такіх маладых людзей, якія стануць гонарам Касцёла і краіны. Таму сёння, падчас твайго, св. Ян Боска, візіту ў нашу краіну і асабліва ў салезіянскую парафію, у гэты мінскі араторый, звяртаемся да цябе: выпрасі ў Бога цуд выхавання новага пакалення моладзі на хрысціянскіх каштоўнасцях, каб яна не цуралася жыць паводле Божага закону і магла ўвайсці ў цесныя дзверы; каб несла дух Евангелля ў сучасны свет, каб ён паверыў і, жывучы яе праўдай, будаваў цывілізацыю любові, праўды і жыцця, на хвалу Бога і для збаўлення людзей. Амэн.

 

Аб місіі, якую ўсклаў на яго Бог, будучы святы даведаўся яшчэ ў дзевяцігадовым узросце. Сам Ян Боска пра гэта ўспамінаў так: “У той дзень я разам з іншымі хлопчыкамі бавіўся на вялікім пустыры непадалёк ад дома. Неўзабаве хлопчыкі перасварыліся і сталі сыпаць пракляццямі. Не могучы сцярпець гэтага, я кінуўся паміж імі і паспрабаваў спыніць святатацтва – дзе словамі, а дзе і з дапамогай кулакоў. І раптам перада мной з’явіўся мужчына ў белым плашчы. Ад твару незнаёмца сыходзіла святло такой сілы, што на яго цяжка было глядзець. Мужчына назваў мяне па імені і загадаў стаць на чале хлопчыкаў. Дадаў: “Мусіш заваяваць іх давер дабрынёй і любоўю, а не кулакамі”.

Вось з гэтага дня Ян Боска і пачаў выконваць ускладзеную на яго пакуль слабенькія плечы задачу. Ад вандроўных жанглёраў ён навучыўся паказваць фокусы і дэманстраваў іх потым перад сваімі суседзямі, пераплятаючы паказ малітвамі і паўтарэннем казанняў, якія ён чуў у касцёле ў нядзелю. Хлопец марыў стаць святаром, але ў яго маці не было грошай на навуку. Давялося стаць рамеснікам – Ян Боска авалодаў прафесіямі краўца, шаўца, навучыўся сталярнічаць. Так ён зарабляў сабе на жыццё і на аплату настаўнікам, нават не падазраючы, наколькі карыснымі стануць набытыя прафесіі для яго будучай святарскай дзейнасці.


У 1835 годзе ён змог нарэшце ажыццявіць сваю мару і паступіў у семінарыю, каб праз шэсць гадоў атрымаць з рук арцыбіскупа Турына пасвячэнне ў сан святара. Першапачаткова Ян Боска меў намер прысвяціць сваё жыццё паглыбленаму вывучэнню багаслоўя, але хіба ён мог адгарадзіцца ад свету выключна навукай, калі побач галадаюць, жывуць без даху над галавой дзеці?
Пачаткам дзейнасці Араторыюма лічыцца момант, калі дон Боска абараніў хлопчыка, на якога напалі хуліганы, і прывёў яго ў свой дом. Потым знайшоўся яшчэ адзін і яшчэ… Яны не былі простымі і пакорлівымі падлеткамі ўжо хаця б таму, што ім давялося прайсці праз голад і бяздомнасць, праз пекла людскога раўнадушша. Некаторым з іх наогул пагражала турма.


Дон Боска даў бяздомнай дзятве прытулак ва ўласнай кватэры. Ён вучыў сваіх выхаванцаў чытаць, пісаць, маліцца, гуляў з імі ў футбол, падзяляў іх радасці і ўсур’ёз абмяркоўваў праблемы. Дзецям, ад якіх адвярнуўся свет, ён даў магчымасць адчуць цяпло сямейнага ачага…


Жыццёвы шлях Яна Боско, заснавальніка салезіянскай супольнасці, апякуна і выхавацеля моладзі, быў поўны цяжкай і часта няўдзячнай працы, прыніжэння, а нярэдка і сапраўднага цкавання. Але…

Але тысячам маладых людзей святар дапамог знайсці жыццёвую сцежку, прывіў іх душам парасткі Веры, Надзеі, Любові. Па сутнасці, ён стварыў новую педагагічную школу, у аснову якой паклаў беззапаветную адданасць выкладчыкаў дзецям і поўную адмову ад пакарання. Для ажыццяўлення сваіх ідэй дон Боско 26 студзеня 1854 года заснаваў манаскі ордэн св. Францішка Сальскага (цяпер вядомы як ордэн салезіянаў).
Салезіянцы дона Боска актыўна і плённа працуюць на ніве выхавання моладзі. Галоўнымі рысамі іх дабрачыннай пастырскай працы заўсёды былі вялікая лагоднасць, давер і здзяйсненне добрых спраў. Узорам для братоў-салезіянаў была і ёсць выбітная асоба іх заснавальніка св. Яна Боскі, якога нярэдка называюць “вясёлым святым”, таму што насуперак усім выпрабаванням ён умеў радавац¬ца жыццю. Менавіта гэтаму дон Боска імкнуўся навучыць сваіх выхаванцаў самай складанай навуцы – быць шчаслівымі.
У рамках сусветнай перэгрынацыі, якая аб'яднала 130 краін на пяці кантынентах, і прысвячаецца святкаванню 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боска (15 жніўня 2015 года), рэліквіі святога прыбылі ў гэты аўторак у Варнянскую парафію святога Юрыя.

На працягу 15-ці гадзін рэліквіі святога Яна Боскі гасцілі ў Варнянах, і кожная іх хвіліна была напоўнена гарачай малітвай. Пасля заканчэння ўрачыстай Імшы, прысвечанай моладзі парафіі і нашага дэканату, у якой удзельнічалі не толькі святары Астравеччыны, але і айцы-салезіяне са Смаргоні, Мінска, Турына, вернікі не спяшаліся разыходзіцца па дамах – кожнаму хацелася наблізіцца да рэліквіі, дакрануцца да шклянога саркафагу. І не проста рукой – сэрцам, розумам, усёй глыбінёй душы. Дакрануцца, каб ачысціцца. Каб прасякнуцца чысцінёй, дабрынёй, нязменным аптымізмам і жаданнем тварыць дабро, так уласцівымі святому дону Боску. Каб навучыцца любіць.

Увечары 25 жніўня, пасля прабывання рэліквій св. Яна Боско у архікатэдры імя Найсвяцейшай Панны Марыі, свайго духоўнага настаўніка вітала парафія св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы.Негледзячы на халоднае надвор’е, двор пры капліцы быў запоўнены вернікамі - людзі жадалі сустрэцца са святым, які няспынна паўтараў : “Аддайце мне душы, іншае пакіньце сабе”. Урачыстай працэсіяй св. Яна Боско правадзілі да падножжа святыні, якая знаходзіцца ў працэссе будаўніцтва і якая будзе насіць імя святога.


Перадусім, святога, які заўсёды клапаціўся пра моладзь, святочным канцэртам прывіталі дзеці і моладзь парафіі.
“Мы хочам мець такіх маладых людзей, якія стануць гонарам Касцёла і краіны. Таму сёння, падчас твайго, св. Ян Боско, візіту  ў нашу краіну, і асабліва ў салезіянскую парафію,  у гэты мінскі араторый, звяртаемся да цябе: выпрасі ў Бога цуд выхавання новага пакалення моладзі на хрысціянскіх каштоўнасцях», - звярнуўся ў прывітанні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч да святога Яна Боско.


Падчас казання арцыпастыр разважаў аб значнасці педагогікі кс. Боско, аб важнасці яго прэвентыўнай сістэмы, бо ніхто не нараджаецца злым або абыякавым - такім чалавека могуць выхаваць нядобрыя абставіны.

“Сёння шмат маладых людзей сядзяць на дыетах, спрабуючы пахудзець, але па-сапраўднаму сучаснаму чалавеку неабходна дыета духоўная – нам трэба ўмець выбіраць каштоўную і добрую “ежу”,нам неабходна вучыцца выбіраць дабро, адкідаючы зло.” – прамовіў да вернікаў арцыпастыр.

Пасля св. Імшы кодны жадаючы меў магчмасць ушанаваць рэліквіі св. Яна Боско, якія пасля былі перанесены у капліцу, дзе праходзіла начное чуванне.
Падчас чування моладзь і прысутныя вернікі разважалі аб жыцці і духоўнасці Дона Боско. “Бог Айцец ведае ,чаго мы патрабуем ,ведае яшчэ да таго ,як папросім Яго. Варта прасіць, каб атрымаць больш,і не абавязкова для сябе”, - кажа Бон Боско кожнаму з нас.

Дон Боско завітаў да нас, каб выслухаць нашыя падзякі і просьбы, убачыць нашыя патрэбы, радасці і клопаты, ён прыехаў, каб сустрэцца з намі. Варта добра скарыстацца з гэтага благаслаўлёнага часу.

 Таццяна Ісакава

 

Апостальскі Нунцый узначаліў Імшу ў Смаргоні на прыбыццё рэліквій св. Яна Боско

28 жніўня ў салезіянскую парафію Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні прыбылі рэліквіі святога Яна Боско, якія здзяйсняюць перэгрынацыю па Беларусі. Каля пяці тысяч чалавек сабралося ў гэты дзень, каб прывітаць рэліквіі, аддаць пашану айцу і настаўніку моладзі, заснавальніку і духоўнаму натхняльніку салезіянскай сям’і. Урачыстую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Рэліквіі у Смаргонь даставілі з Жупранаў. Вернікі сустрэлі аўтамабіль з рэліквіямі на гарадскім кальцы і ў працэсіі, са спевамі і музыкай, прынеслі іх да святыні. Побач з рэліквіямі ішлі смаргонскія хлопцы і дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных строях.

Рэлікварый устанавілі каля летняга алтара, які нядаўна пабудавалі. Падчас літургіі Апостальскі Нунцый адзначыў, што ксёндз Ян Боско — фігура ўсяго свету, і цяпер ён наведвае Беларусь. Арцыбіскуп падкрэсліў, што сваёй прысутнасцю тут ксёндз Боско падтрымлівае моладзь у яе цяжкасцях, дадае ёй сілы і надзеі, веры ў Бога.
 
Прадстаўнік Папы таксама адзначыў, што вялікая колькасць людзей у Смаргоні сабралася прывітаць парэшткі святога. Гэта высокая адзнака працы мясцовым салезіянам, якія служаць у Смаргоні на працягу апошніх 24 гадоў.

Апостальскі Нунцый зрабіў сюрпрыз для прысутных – прывёз пісьмо, якое 27 жніўня прыйшло з Ватыкана ад Дзяржаўнага Сакратара кардынала Тарчызіё Бэртонэ. Кардынал перадаў беларускім вернікам сардэчнае прывітанне і благаслаўленне.

На святой Імшы прысутнічалі таксама прадстаўнікі ўлады. З прывітальным словам да арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, духавенства і ўсіх вернікаў звярнуўся старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой, які адзначыў: «Перэгрынацыя рэліквій – гэта падзея, якая дапамагае лепш асэнсаваць духоўнасць і вучэнне святога».



Пасля Імшы рэліквіі перанеслі ў касцёл, дзе людзі мелі магчымасць ушанаваць іх асабіста. Многія вернікі, у тым ліку з іншых каталіцкіх парафій і праваслаўныя, імкнуліся прыйсці ў гэты вечар у смаргонскі касцёл, каб у начным чуванні суправаджаць святога. Начное чуванне распачаў Апостальскі Нунцый катэхезай для моладзі, каб у Год веры дапамагчы маладым людзям браць прыклад з веры св. Яна Боско і наследаваць яго ў сваім жыцці.

На ўрачыстасці было шмат было моладзі і дзяцей. Многія з іх у прыватнай размове зазначалі, што добра ведаюць імя святога Яна Боско, пра якога расказвалі сёстры законныя на ўроках рэлігіі і святары падчас Імшаў. Некаторыя маладыя бацькі, якія цікавіліся сістэмай выхавання гэтага святара, прызналіся, што выкарыстоўваюць яе ў сваім паўсядзённым жыцці са сваімі дзецьмі. Увогуле можна сказаць, што святы Ян Боско служыць прыкладам не толькі бацькам, але і настаўнікам, выхавацелям, святарам, усім, хто адказвае за выхаванне падрастаючага пакалення.  

На наступны дзень вернікі прыйшлі ў касцёл, каб развітацца з рэліквіямі. Апоўдні распачалася Святая імша, на якую асабліва запрашалі дзяцей, моладзь і настаўнікаў. Адбылося ўрачыстае адкрыццё новага катэхетычнага і навучальнага года, а таксама аднаўленне манаскіх абяцанняў паслухмянасці, чысціні і ўбоства клерыка Алега Каралёва.

Далей рэліквіі святога накіруюцца ў Дзятлава, у парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Беларусь — адна са 130 краін, якая далучылася да сусветнай перэгрынацыі рэліквій, што пачалася ў 2009 годзе і працягнецца да 2015. Перэгрынацыя з’яўляецца часткай святкавання 200-годдзя з дня нараджэння святога, што прыходзіцца на 15 жніўня 2015 г.

Галіна Антонава

 

 

Падзяліцца: