16 кастрычніка ў мінскім Архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася ўрачыстая св. Імша-падзяка за 100-годдзе прысутнасці салезіянскага
Цэлебраваў Эўхарыстыю Апостальскі нунцый ў Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Таксама ва ўрачыстасці бралі ўдзел шаноўны Мітрапаліт на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары салезіяне, іншыя святары і манаскія асобы.
Перад распачаццем св. Імшы ўсіх прысутных прывітаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Ён падзякаваў іерархам Касцёла за жаданне раздзяліць з салезіянамі гэты прыгожы момант і ўсім вернікам, якія прыйшлі падзякаваць Богу за дар салезіянскай харызмы. Кс. Віктар падкрэсліў, якое вялікае значэнне для ўсіх салезіянаў мае сённяшняя ўрачыстасць: “Сённяшні юбілей – гэта глыбокая ўдзячнасць за стогадовую гісторыю дзейнасці нашых папярэднікаў, якія вызначаліся ахвярнай любоўю да Бога і бліжняга, аскезай і малітвай, самаадданым і нястомным служэннем, вернасцю Пану Богу ажно да праліцця крыві. Гэта наша ўдзячнасць за сто гадоў прапаведвання Святога Евангелля і ўдзялення Божых ласкаў у святых сакрамэнтах і, безумоўна, гэта падзяка за сто гадоў педагагічнага высілку для дабра дзяцей і моладзі нашай Бацькаўшчыны!
Мы, духоўныя сыны св. Яна Боско, жадаем перажываць гэты юбілей у глыбокай лучнасці з Марыяй, якая была для кс. Боско не толькі Настаўніцай, але, як ён заўсёды паўтараў, моцнай апорай усёй выхаваўчай справы! Сёння жадаем таксама даручыць Маці Божай усю салезіянскую сям'ю на Беларусі, просячы, каб Яна заўсёды заставалася з намі, ахінаючы сваім плашчом апекі і бяспекі, і каб гэты юбілей стаў для кожнага з нас радасным прыпынкам, каб спыніўшыся ў задуме і ўдзячнасці, прааналізаваўшы першае стагоддзе, мы надалей працягнулі салезіянскае падарожжа”.
У гаміліі нунцый яшчэ раз узгадаў для сабраных гісторыю салезіянскага таварыства на Беларусі, распавёў пра яго складаныя і радасныя перыяды. Таксама нунцый звярнуўся да сучасных салезіянаў: “Сёння салезіяне кс. Боско працягваюць справу свайго заснавальніка і хочуць быць вернымі сваёй харызме, заставацца знакам любові Бога да моладзі. Дарагія браты салезіяне, у вашай штодзённай працы я запрашаю зноў адкрыць для сябе харызму, каб жыць сваім супольным жыццём, я запрашаю вас вызначыць сапраўдныя патрэбы сучаснай моладзі, парафіяльных супольнасцяў, даручаных вашай апецы, я запрашаю вас дзейнічаць у адзінстве на карысць Касцёла і аднавіць у Хрысце свет, каб ён стаў лепшым, больш справядлівым і братэрскім!”
У дарах была прынесена мрамарная пліта з імёнамі ўсіх памерлых салезіянаў, якія працавалі на тэррыторыі Беларусі ў перыяд з 1921 па 2021 гг. Гэтая пліта будзе ўмацавана ў сцяну касцёла св. Яна Боско ў мінскай Серабранцы. Таксама была прынесена капсула часу з пасланнем сучаснай салезіянскай сям’і да нашчадкаў. Плануецца, што яна будзе адкрыта праз 100 гадоў.
Пасля завяршэння св. Імшы да сабратоў салезіянаў са словамі віншавання звярнуліся прадстаўнікі кожнай з галін салезіянскай сям’і, прадстаўленных у Беларусі: сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, АДМА, а таксама моладзь.
Кс. Павел Шчарбіцкі SDB ад імя ўсіх салезіянаў падзякаваў кс. Віктару за руплівае і дбайнае кіраўніцтва салезіянскім таварыствам у сучаснасці.
Таксама слова ўзяў біскуп-салезіянін Аляксанд Яшэўскі. Іерарх адзначыў, што святкаванне сённяшняга юбілею з’яўляецца своеасаблівай ўдзячнасцю ў першую чаргу Богу і Марыі Успамозе Хрысціянаў, а таксама людзям, якім неабходна харызма св. Яна Боско. Салезіянін падкрэсліў, што святкаванне юбілею ў такі спосаб - гэта не знак ганарлівасці і жаданне падкрэсліць сваю важнасць, гэта праява пашаны мінуламу пакаленню і вялікай удзячнасці. Такое святкаванне павінна даць новы штуршок развіццю таварыства: “Гэта дапаможа нам акрэсліць шлях на будучыню, каб наша харызма сапраўды была праявай Божай любові да кожнага, хто сутыкаецца з нашымі парафіямі, з нашымі араторыямі, з нашымі моладзевымі цэнтрамі”.
Прыгожым момантам, падкрэсліваючым важны ўнёсак салезіянскага таварыства ў справу адраджэння веры ў нашай краіне, стаў медаль ад Папы Францішка, які Апостальскі нунцый падарыў на рукі рэгіянальнага настаяцеля кс. Віктара. Таксама нунцый благаславіў салезіянаў на новае стагоддзе плённага служэння на Беларусі.