Ужо ў 24-ы раз маладыя людзі з розных куткоў Беларусі адправіліся ў духоўнае падарожжа пад апекай салезіянаў. Шлях пралягаў са Смаргоні ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе. У гэтым годзе тэма пілігрымкі гучала так: «Замацаваныя ў надзеі, пілігрымы разам з моладдзю», якая паўтарала дэвіз салезіянскай сям’і на бягучы год.

Пад час пілігрымкі ўдзельнікі мелі магчымасць перажыць рэкалекцыі ў дарозе і паглыбіць свае адносіны з Богам, дзякуючы штодзённаму ўдзелу ў святой Імшы, канферэнцыям, працам па групах, малітвам і спевам.
За пілігрымкай можна было сачыць анлайн, усе жадаючыя таксама маглі праз інтэрнэт дасылаць свае інтэнцыі.

На працягу шасці дзён моладзь пад кіраўніцтвам святароў салезіянаў, сясцёр, салезіянаў супрацоўнікаў, аніматараў духоўна ўзбагачалася, у першую чаргу, тым, што вучылася дзяліцца і сведчыць аб сваёй веры жыхарам тых мясцін, праз якія праходзіла Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка.
У вёсцы Рэчкі, дзе пілігрымка спынялася ў чацвёрты дзень, адбыўся вясёлы экалагічны вечар, пад час якога пілігрымы пазнаёміліся з чатырма законамі Барры Комманера і даведаліся, як мудра і рацыянальны выкарыстоўваць багацце прыроды, падараванай нам Богам.

Урачыстая святая Імша ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай стала дасканалай кульмінацыяй пілігрымкі. Маладыя людзі маліліся, дзякавалі Богу з сэрцамі, поўнымі жадання несці надзею далей – у свае гарады, сем’і, школы.

Пад час апошняга вечара ў пілігрымцы ўдзельнікі падзякавалі ксяндзу Алегу Каралёву SDB, як галоўнаму адказнаму за СМЕП, іншым сабратам салезіянам, якія суправаджалі іх на шляху да Будслава, сёстрам салезіянкам, салезіянам супрацоўнікам, аніматарам, якія зрабілі гэтае вандраванне сапраўды карысным і духоўна насычаным.
Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC