Галоўная Дзейнасць Навіны Уступленне на пасаду делегата

Уступленне на пасаду делегата

Мюнхен, 08.06.2025г.

Дарагая салезіянская сям’я!

У гэтым Юбілейным годзе, калі Салезіянская сям’я ва ўсім свеце жыве дэвізам «Замацаваныя ў надзеі. Пілігрымы разам з моладдзю», мы асаблівым чынам пакліканыя быць жывымі сведкамі надзеі, якая не расчароўвае. Надзея, якой вучыць нас Евангелле, — гэта не проста эмацыйная ўпэўненасць або аптымістычны настрой, але трывалае перакананне ў прысутнасці Хрыста ва ўсім, што мы робім. Менавіта ў духу гэтай надзеі і даверу Божаму Провіду я прыняў даручаную мне місію — служэнне на пасадзе інспектарыяльнага дэлегата Салезіянскай дэлегатуры ў Беларусі. Гэтая паслуга — не асабістая заслуга, але знак даверу з боку Салезіянскага Таварыства, за што я з удзячнасцю выказваю шчырую пашану маім Сабратам. Сёстрам салезіянкам, салезіянам супрацоўнікам, аніматарам і прадстаўнікам розных груп салезіянскай Сям’і ад усяго сэрца дзякую за супольнае штодзённае крочанне ў духу св. Яна Боско, за плённую прысутнасць сярод моладзі, за вернасць, адданасць і сведчанне надзеі. А нашай моладзі дзякуй за тое, што вы — жывы сэнс нашай місіі і што разам з намі крочыце шляхам Евангелля.

Сардэчна запрашаю ўсіх Вас раздзяліць са мною момант урачыстага ўваходжання ў гэту новую паслугу падчас святой Імшы, якую ўзначаліць Яго Эксцэленцыя Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пры ўдзеле Яго Эксцэленцыі Біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, генеральнага вікарыя Мінска Магілёўскай архідыяцэзіі. Святая Імша адбудзецца ў панядзелак, 14 ліпеня 2025 года, у 15:00 у касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Мінску (вул. Плеханава, 27).

Буду шчыра рады і ўдзячны, калі кожны, хто сымпатызуе салезіянскай сям’і зможа ўдзельнічаць у гэтай святой Імшы. Няхай гэта будзе жывым сведчаннем нашага адзінства, любові да Касцёла і вернасці харызме св. Яна Боско.

 

З належнай павагай і ўдзячнасцю

Кс. Вiктар Гайдукевiч SDB

Падзяліцца: