Галоўная Дзейнасць Навіны За спачылася ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB малілася духавенства Гродзенскай дыяцэзіі ў Ашмянах

За спачылася ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB малілася духавенства Гродзенскай дыяцэзіі ў Ашмянах

Пра гэта паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі.

У духоўных практыкаваннях удзельнічалі святары і законныя сёстры з чатырох дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі: Ашмянскага, Астравецкага, Івейскага і Смаргонскага.

Узначаліў сустрэчу біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Прысутныя святары выслухалі канферэнцыю «Літургія — крыніца ўсялякіх ласкаў і дароў Духа Святога», якую прамовіў пробашч гродзенскай катэдральнай парафіі святога Францішка Ксаверыя ксёндз канонік Ян Кучынскі.

 

Канферэнцыю для кансэкраваных асоб, прысвечаную манаскай вернасці, прамовіў пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) айцец Аркадзь Куляха OCD.

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Кашкевіч.

На пачатку Літургіі іерарх заахвоціў усіх прысутных далучыцца да малітвы ў інтэнцыі памерлага ксяндза каноніка Здзіслава Вэдэра, салезіяніна, руплівага душпастыра.

Святар, які шмат гадоў служыў на Смаргоншчыне, адышоў да Пана 11 лістапада на 87-м годзе жыцця.

 

У гаміліі пробашч ашмянскай парафіі ксёндз канонік Ян Пузына з нагоды набліжэння ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, якая з’яўляецца галоўнай Апякункай Касцёла на Гродзеншчыне, казаў пра жывы культ Маці Божай у мясцовым Касцёле.

Святар найперш заахвоціў, каб усе парафіі дыяцэзіі духоўна падрыхтаваліся да каранацыі абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах.

Падзея, згодна з рашэннем біскупа Гродзенскага, запланавана на восень наступнага года.

Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў святарам і законным сёстрам за сустрэчу, на якой яны мелі магчымасць умацавацца ў веры і любові да Бога і тых людзей, якім служаць кожны дзень.

Падзяліцца: