Галоўная Дзейнасць Навіны З удзелам біскупа Яшэўскага ў Лодзі адбылося пахаванне ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB, шматгадовага пробашча ў Смаргоні

З удзелам біскупа Яшэўскага ў Лодзі адбылося пахаванне ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB, шматгадовага пробашча ў Смаргоні

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у касцёле святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і святога Яна Боско ў Лодзі, на радзіміе спачылага святара, адбылася пахавальная Імша, цэлебрацыю якой узначаліў дапаможны біскуп Лодзкай архідыяцэзіі Ірэнэуш Пэнкальскі.

 

Гамілію прамовіў сабрат спачылага святара з Беларусі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Іерарх засяродзіў увагу на асобе ксяндза Здзіслава, які апошнія больш як 20 гадоў з вялікай руплівасцю служыў на Беларусі і зрабіў вялікі ўнёсак у адраджэнне Каталіцкага Касцёла на нашай зямлі.

У цырымоніі пахавання ўдзельнічалі браты салезіяне з трох польскіх інспекторый, дэлегатуры на Беларусі і з Масквы, дэлегацыі сясцёр салезіянак з розных краін і сясцёр назарэтанак з Беларусі.

Пахавальныя абрады на могілках правёў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

 
 

Здзіслаў Вэдэр  нарадзіўся ў 1936 годзе ў вёсцы Слепятніца каля Лодзі ў Польшчы ў веруючай сям’і. Быў пятым з 11-і дзяцей, трое з якіх памерлі падчас Другой сусветнай вайны.

Жаданне служыць Богу адчуў у 11 гадоў. У 13 гадоў, нічога не сказаўшы бацькам, напісаў заяву ў ніжэйшую духоўную семінарыю ў Лодзі і праз тыдзень атрымаў адказ, што прыняты.

Пасля двух гадоў вучобы ў семінарыі ўступіў у кангрэгацыю салезіянаў. У 1952 годзе даў першыя манаскія абяцанні, 3 чэрвеня 1962 года атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Пазней скончыў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт імя Яна Паўла ІІ, абараніў ліцэнцыят па літургіі і пастаральнай тэалогіі.

Шмат гадоў служыў у Польшчы, працуючы пры парафіях і ў месцах салезіянскай фармацыі. У 1980–1984 гадах быў дырэктарам філасофскага курса Вышэйшай духоўнай семінарыі салезіянаў у Кутне-Вазнякове.

У 1984–1990 гадах выконваў абавязкі інспектара салезіянскай інспекторыі святога Станіслава Косткі ў Варшаве. Пасля служыў на тэрыторыі былога СССР у Жупранах і Лідзе, потым у Маскве.

10 гадоў выконваў функцыю адказнага, а потым першага святара Салезіянскай усходняй акругі, у склад якой уваходзілі Беларусь, Літва, Расія, Украіна і Грузія. На працягу жыцця наведаў дзясяткі краін.

У 2002 годзе прыбыў у Смаргонь, дзе стаў пробашчам парафіі святога Міхала Арханёла і настаяцелем законніцкай супольнасці салезіянаў.

У 2015–2017 годзе выконваў функцыю духоўнага айца Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У 2017 годзе за заслугі перад Касцёлам Гродзенскай дыяцэзіі быў прызначаны ганаровым канонікам катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.

Апошнія гады жыцця правёў у смаргонскай парафіі, выконваючы ў ёй абавязкі вікарыя.

Падзяліцца: