Нарадзіўся ксёндз Віктар 21 чэрвеня 1978 г. у вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Сакрамэнт хросту атрымаў 30 ліпеня 1978 г. у Жупранах у парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла з рук ксяндза Карпінскага. Да Першай святой Камуніі прыступіў у гэтай жа парафіі 7 жніўня 1988 г., якую атрымаў з рук ксяндза Юзафа Занеўскага. Сакрамэнт канфірмацыі прыняў у 1996 г. у п. Акцябрскі (Расія) з рук дэлегаванага прэлата ксяндза Антонія Гея.
- 1984–1995 гг. — жупранская сярэдняя школа імя Францішка Багушэвіча;
- 1995–1996 гг. — навіцыят (п. Акцябрскі, Расія). Першы салезіянскі навіцыят у Расіі;
- 26 жніўня 1996 г. — першыя законныя шлюбы, складзеныя на рукі Генеральнага настаяцеля Салезіянскай супольнасці Вэккі;
- 1996–1998 гг. — курс філасофіі ў Вышэйшай салезіянскай духоўнай семінарыі (Кракаў, Польшча);
- 1998–2000 гг. — выхаваўчая практыка ў інтэрнаце для дзяцей і моладзі (Рэгенсбург, Германія);
- 2000–2003 гг. — курс тэалогіі ў салезіянскім універсітэце (Бэнэдыктбойерн, Германія);
- 2003–2007 гг. — ліцэнцыят па Кананічным Праве ў Дзяржаўным універсітэце імя Людвіга Максімільяна (Мюнхен, Германія);
- з 2007 г. — дактарат па Кананічным Праве ў Дзяржаўным універсітэце імя Людвіга Максімільяна (Мюнхен, Германія);
- 2 верасня 2006 г. — святарскае пасвячэнне, удзеленае Ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі біскупам Аляксандрам Кашкевічам у парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах;
- 2007–2008 гг. — адміністратар Салезіянскага дома ў г. Смаргонь (Гродзенская дыяцэзія) і вікарый смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла;
- 15 лістапада 2008 г. — дырэктар Салезіянскай супольнасці ў Мінску і вікарый парафіі Святога Яна Хрысціцеля.
- З 2009 па 2015 гг. - дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства Нацыянальны Карытас Беларусі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
- З 2013 г. - віцэ-афіцыял у міждыяцэзіяльным судзе ў Мінску.
- 1 жніўня 2013 г. Генеральны настаяцель Паскваль Чавес Вжлавэнуэва пацвердзіў кандыдатуру кс.Віктара Гайдукевіча SDB на рэгіянальнага настаяцеля рэлігійнай каталіцкай місіі св.Францішка Сальскага ў Беларусі.
Мы ведаем ксяндза Віктара як руплівага пастыра для салезіянскай сям’і, які дбае пра духоўную спадчыну ксяндза Боско на нашай зямлі. Ксёндз Віктар сваім прыкладам і жывым энтузіазмам натхняе шматлікіх з нас на жыццё ў практыкаванні салезіянскай харызмы. Ксёндз дэлегат з’яўляецца таксама і прыкладам здаровага ладу жыцця, ахвотна гуляе з моладзю ў футбол, займаецца тэнісам, катаецца на ровары.