Юбілейная 25-я Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка завяршыла свой шлях у Будславе
З 29 чэрвеня па 4 ліпеня праходзіла юбілейная 25-я Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка (СМЕП), якая ўжо чвэрць стагоддзя аб'ядноўвае моладзь на шляху са Смаргоні да Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.
Традыцыйна пілігрымка распачалася са святой Імшы, якую ўзначаліў дырэктар рэлігійнай місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага» ў Беларусі кс. кан. д-р Віктар Гайдукевіч SDB. У сваім слове ён заахвоціў удзельнікаў успрыняць дарогу не проста як фізічнае падарожжа, але як магчымасць адкрыць сваё сэрца Богу, дазволіўшы Яму стаць сапраўдным Гаспадаром жыцця.

На працягу шасці дзён моладзь разам са святарамі, сёстрамі законнымі, аніматарамі і валанцёрамі крочыла да Будслава, напаўняючы беларускія дарогі малітвай, радасным спевам і адкрытым сведчаннем веры. Менавіта гэта складае сутнасць Евангелізацыйнай пілігрымкі. Пілігрымы не толькі самі ішлі да Маці Божай Будслаўскай, але і неслі Евангелле людзям, якіх сустракалі на сваім шляху. Жыхары вёсак і гарадоў выходзілі насустрач пілігрымам, прымалі благаслаўленне, далучаліся да малітвы і разам праслаўлялі Бога.
Духоўным правадніком юбілейнай СМЕП стаў кс. Артур Ляшнеўскі SDB, які правёў цыкл рэкалекцый на тэму «Мы дзеці аднаго сна». У духу харызмы святога Яна Боско ўдзельнікі разважалі над тым, як будаваць сваё жыццё на веры, надзеі і любові.
На працягу пілігрымкі моладзь штодня разважала над наступнымі тэмамі:
• Твой шлях да шчасця;
• Езус — твой найлепшы Сябра;
• Касцёл — твая сям'я;
• Без Марыі будзе складана…;
• Memento mori — памятай пра смерць;
• Усміхніся і наперад!
Неад'емнай часткай кожнага дня была праца ў малых групах. Менавіта там пілігрымы дзяліліся сваімі думкамі, сведчаннем веры, разам разважалі над тэмамі рэкалекцый і вучыліся адкрываць Божую прысутнасць у сваім штодзённым жыцці. Такія сустрэчы дапамагалі не толькі лепш зразумець пачутае, але і будаваць сапраўдную супольнасць у духу святога Ян Боско.
За арганізацыю юбілейнай пілігрымкі адказваў кс. Алег Каралёў SDB, а разам з ім вялікая каманда святароў, сясцёр законных, аніматараў, салезіянаў супрацоўнікаў і валанцёраў, дзякуючы служэнню якіх гэтыя шэсць дзён прайшлі ў сапраўдным салезіянскім духу радасці, служэння і братэрства.
Кульмінацыяй СМЕП стаў урачысты ўваход у Будслаў. Сёлета ён меў асаблівы, юбілейны характар. На чале калоны пілігрымы неслі вялікія дэкаратыўныя лічбы «25», якія сталі сімвалам чвэрці стагоддзя гісторыі Салезіянскай Моладзевай Евангелізацыйнай Пілігрымкі.
Апошнія кіламетры разам з моладдзю прайшлі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які як салезіянін падтрымаў удзельнікаў пілігрымкі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які сустрэўся з пілігрымамі сваёй дыяцэзіі, а таксама дырэктар рэлігійнай місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага» ў Беларусі кс. кан. д-р Віктар Гайдукевіч SDB.
Да Базылікі Маці Божай Будслаўскай юбілейная СМЕП увайшла ў складзе 146 пілігрымаў. Пасля прыбыцця да святыні, у знак удзячнасці Богу за 25 гадоў гісторыі Салезіянскай Моладзевай Евангелізацыйнай Пілігрымкі, у неба былі выпушчаны паветраныя шары. Гэты кранальны сімвалічны жэст стаў адным з самых запамінальных момантаў святкавання юбілейнай пілігрымкі.
Асаблівым гонарам для ўдзельнікаў стала тое, што менавіта Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка адказвала за музычнае аздабленне і літургічнае служэнне падчас святой Імшы для пілігрымаў у Будславе. Дзякуючы служэнню моладзі Эўхарыстыя стала яшчэ адным прыгожым сведчаннем жывой веры, адзінства і салезіянскай радасці.
Юбілейная 25-я Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка яшчэ раз пацвердзіла, што шлях да Будслава — гэта значна больш, чым некалькі дзён у дарозе. Гэта школа жыцця паводле Евангелля, дзе праз малітву, рэкалекцыі, працу ў групах, служэнне і супольнасць моладзь адкрывае Бога, вучыцца жыць паводле духу святога Яна Боско і нясе радасць Евангелля іншым.
Тэкст і фота Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC