Галоўная Дзейнасць Навіны Юбілейная Аратарыяда прайшла ў Мінску

Юбілейная Аратарыяда прайшла ў Мінску

22 сакавіка ў мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля адбылася V, юбілейная Аратарыяда. Аратарыяда – гэта спартыўныя спаборніцтвы паміж салезіянскімі араторыямі Беларусі для дзяцей з 5-га па 7-мы клас.

Распачаліся спаборніцтвы раніцай са святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. З казаннем да падлеткаў звярнуўся адказны за душпастырства моладзі і правядзенне Аратарыяды ксёндз Алег Каралёў SDB.

Ксёндз Алег, абапіраючыся на Евангелле, разважаў пра Божую любоў. Святар падкрэсліў, што Божая любоў безумоўная, Бог любіць кожнага з нас не за нашыя ўчынкі ці дзеянні. Блудны сын у прыпавесці апусціўся вельмі нізка, зневажаючы любоў свайго айца, але ўсё адно атрымаў прабачэнне. І ён перамяніў сваё жыццё толькі тады, калі атрымаў прабачэнне і зразумеў бязмежную любоў свайго айца.

Так і Езус аддаў сва ё жыццё за нас, бо ён любіць нас проста так. “Чаму Божы провід дае нам гэтыя словы са святога Евангелля на сёння? Можа, менавіта таму, што сёння мы будзем змагацца адзін з другім, але, каб быць найлепшым араторыем, не трэба перамагаць у Аратарыядзе. Каб цябе больш любілі, не трэба быць найлепшым у якім-небудзь спаборніцтве. Гэта добрая дадатковая рэч, але свята, якое будзем разам перажываць, само па сабе азначае, што хтосьці цябе любіць. Яно дапамагае зразумець, што вакол нас ёсць шмат любові, і перш за ўсё нас любіць Бог”, – натхніў усіх удзельнікаў святар.


Пасля святой Імшы ўсе перайшлі ў араторый імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё Аратарыяды. 

У першай палове спаборніцтваў падлеткі змагаліся ў наступных дысцыплінах: настольны футбол, настольны тэніс, дартс, прыжкі праз скакалку, шашкі, гульня Alias і камп’ютэрная гульня Brawl Stars. Пасля абеду адбыўся інтэлектуальны конкурс, а напрыканцы спаборніцтваў – дзве вялікія камандныя гульні, у якіх прымалі ўдзел па дзесяць чалавек з кожнага араторыя. Перамогу ў гульні “Два капітаны” ва ўпартай барацьбе атрымала каманда смаргонскага араторыя. А ў спартландыі, дзе пад час эстафет неабходна было прадэманстраваць рознабаковыя здольнасці, перамогу атрымала каманда з Мінска. 

У выхаваўчай сістэме ксяндза Боско спорт займаў вельмі важную ролю, святы ведаў і разумеў, што праз спаборніцтвы можна развіць не толькі фізічныя дадзеныя, але і дамагчы хлопцам развівацца духоўна і інтэлектуальна. Сучасныя салезіяне таксама робяць значны акцэнт не на выніковую перемогу, а на ўменне працаваць у камандзе, падтрымліваць адзін аднаго, утаймоўваць свае эмоцыі, адказна ставіцца да сваіх абавязкаў і навакольнага асяроддзя. Напрыклад, у адной з эстафет пад час спартландыі ўдзельнікі павінны былі правільна адсарціраваць смецце. Падлеткі ў экстрэмальных умовах, калі трэба зрабіць выбар як мага хутчэй, узгадвалі, як і куды выкідаць смецце рознага паходжання і складу. Адпаведную інфармацыю ўдзельнікі неаднаразова чулі ў сваіх араторыях, і варта адзначыць, што пад час эстафеты дапусцілі мінімальную колькасць памылак.

Апошнім пунктам праграмы ў гэты дзень былі ўзнагароды. Ксёндз Алег Каралёў SDB выказаў вялікую ўдзячнасць усім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы Аратарыяды, асабліва святарам, сёстрам, аніматарам, офісу развіцця дэлегатуры, а таксама ўсёй вялікай камандзе, якая мела дачыненне.

Пасля кожны ўдзельнік, які ўвайшоў у тройку лепшых у сваёй дысцыпліне, атрымаў медаль. Кульмінацыйным момантам спаборніцтаў стала ўзнагарода каманды, якая перамагла ў агульным заліку. Перамогу атрымалі гаспадары пляцоўкі, каманда араторыя з Мінску.

Кс. Павел Шчарбіцкі SDB аб’явіў аб урачыстым закрыцці Аратарыяды, і ўсе святары ўдзялілі прысутным благаслаўленне. 

Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC

Падзяліцца: