На святкаванне прыбыло шмат шаноўных гасцей, сярод якіх былі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп Юрый Касабуцкі, сабраты салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB. Памаліцца за юбіляра сабраліся таксама сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, дзеці і моладзь, а таксама дэяцэзіяльныя святары і сёстры з іншых манаскіх супольнасцяў.
Перад распачаццем святой Імшы ксяндза Здзіслава ўрачыста ўвялі ў святыню, дзе ўсіх сабраных прывітаў кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Кс. Віктар запрасіў ўсіх святароў ахвяраваць Найсвяцейшую Ахвяру за дастойнага юбіляра, каб падтрымаць яго далейшае служэнне і праз гэта выказаць ўдзячнасць і адданасць.
Эўхарыстыю ўзначаліў шаноўны арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ва ўступным слове біскуп Тадэвуш падзякаваў ксяндзу Здзіславу за вялікі ўнёсак у адраджэнне каталіцкага касцёла на Усходзе і Беларусі, адзначыўшы, што палову свайго святарскага шляху юбіляр прысвяціў менавіта ўсходу, будучы інспектарам для салезіянаў з краін былога СССР. Кс. Здзіслаў працаваў у Маскве, у Гродзенскай семінарыі і ў Смаргоні.
Казанне да сабраных прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваіх словах біскуп звяртаўся да ксяндза Здзіслава: “Сённяшні юбілей – нагода для шчырых разважанняў над гадамі манаскага і святарскага жыцця і для шчырай падзякі. Вы, ксёндз канонік, сёння дзякуеце Богу, аднак і вам таксама дзякуюць вашыя блізкія, праз прысутнасць іерархаў на сённяшнім юбілеі вам дзякуе наш Касцёл, наша салезіянская Кангрэгацыя, ваша манаская супольнасць і людзі, якія вас вельмі паважаюць і любяць. Сапраўды, з Божай ласкі вы сёння ёсць тым, чым ёсць, але калі гэтая Божая ласка не была ў вас дарэмнай, то гэта ваша заслуга”. Далей біскуп разважаў над таямніцай паклікання, прыводзячы прыклад прарока Ераміі і св. Яна Хрысціцеля і вызначыўшы сакрэт поспеху ў манаскім і святарскім жыцці – гэта адданасць і трываласць. Завяршыў навуку біскуп Аляксандр такімі словамі: “Няхай Марыя Успамога Хрысціянаў дапаможа вам трываць у школе Боскага Настаўніка і напісаць вашым далейшым жыццём у пакліканні такі прыгожы аўтапартрэт, які напісаў св. Ян Хрысціцель. “Я не Місія. Ён павінен павялічвацца, а я памяншацца”(пар. Ян 3, 28-30).
Пасля святой Імшы са словамі віншавання да шаноўнага юбіляра звярнуўся біскуп Юрый Касабуцкі, які распавёў сваю гісторыю знаёмства з ксяндзом Здзіславам, адзначыўшы лагоднасць і адметную ўвагу да кожнага, якая ўласціва юбіляру. Біскуп Юрый параўнаў ксяндзя Здзіслава з Бетлеемскай зоркай, якая ззяе, каб весці за сабой да сустрэчы ў Божым Валадарстве.
Таксама ксёндз Віктар зачытаў віншаванні ад ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча і інспектара салезіянскай інспекторыі ў Варшаве ксяндза Тадэвуша Ярэцкага.
Словы віншаванняў шаноўнаму юбіляру склалі і сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, прадстаўнікі суполкі ADMA і таксама шматлікія парафіяльныя колы. А прадстаўнік Смаргонскага райвыканкаму Кот Святлана Анатольеўна ўручыла кс. Здзіславу дыплом ганаровага жыхара горада Смаргонь.
Напрыканцы слова ўзяў сам юбіляр. Ксёндз Здзіслаў адзначыў, што, пачуўшы сёння такую вялікую колькасць добрых слоў у свой бок, ён адчуваў цеплыню і бачыў, што гэтыя словы ідуць ад сэрца. Юбіляр сказаў, што за ўсё гэта ён у першую чаргу дзякаваў Усемагутнаму Богу, дзякаваў таксама за дар паклікання, адзначыўшы, што, сказаўшы Богу “так”, ён ніводнага разу не пашкадаваў.
Пасля Імшы ў араторыі, які працуе пры парафіі, адбыўся святочны канцэрт і ўрачысты абед.