Менавіта Ксёндз Юзаф Занеўскі быў першым салезіянінам, які прыехаў у Беларусь, каб аднаўляць веру і несці слова Божае ў краіну змучаную атэізмам савецкіх часоў. Зараз Ксёндз Юзаф працуе ў Маскве, дзе з’яўляецца пробашчам парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Павіншаваць ксяндза Юзафа прыехала шмат святароў, не толькі з Беларусі але і з Расіі. Паважанымі гасцямі свята былі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны Біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі SDB.
Святкаванне распачалося ўрачыстай Святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй прамове мітрапаліт звярнуў увагу прысутных на асобу ксяндза Юзафа, на яго прыклад мужнасці і вялікага даверу да Бога. Ксёндз Юзаф пачынаў працаваць у няпростыя і небяспечныя для святара часы, калі супраць веры змагаліся, забаранялі цэлебраваць Святую Імшу, пагражалі. Нягледзячы на ўсе перашкоды юбіляр бясстрашна працаваў на ніве Пана, рыхтаваў дзяцей да першай святой Камуніі, праводзіў катэхэзы, утварыў у Жупранах сапраўдны аазіс веры, а таксама нястомна цэлебраваў Святыя Імшы ў навакольных вёсках. Па ўсім наваколлі ксёндз Юзаф нёс з радасцю харызму Святога Яна Боско.
Сімвалічным было тое, што разам с ксяндзом Юзафам свае юбілеі адзначалі і іншыя святары. Пакліканні шматлікіх з іх паўсталі дзякуючы служэнню ксяндза Юзафа Занеўскага. Так 10 год святарства адзначаў Рэгіянальны настаяцель салезіянскай супольнасці на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які, дарэчы, паходзіць з жупранскай парафіі ў якой працаваў ксёндз Юзаф. Ксёндз Казімір Шыдэлко SDB адзначаў 30 год святарства, Ксёндз Алег Жураўскі SDB адзначаў 20 год свайго святарства, ксёндз Здзіслаў Пікула SDB адзначаў свой 65 юбілей, 10 год святарства адзначаў ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB, 10 год манаскага жыцця адзначаў ксёндз Іван Огар SDB і 5 год святарства ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Таксама неабходна адзначыць, што год свайго Біскупства адзначаў і шаноўны біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Далучыўся да кагорты юбіляраў і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, вось ужо 35 год як ён з’яўляецца святаром і змагаецца за адраджэнне Касцёла і збаўленне душ. На свяце сустрэліся таксама і браты Юрый і Андрэй Стэцкевічы, таксама ўжо 35 год, як святары.
Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB распавёў прыпавесць пра тое як пасля Унебаўшэсця анёлы запыталі Езуса, які план Ён мае адносна свайго Касцёла, які заснаваў на зямлі. Езус адказаў, што пакінуў на зямлі сваіх паслядоўнікаў, апосталаў, каб яны клапаціліся аб Яго спадчыне і іншага і лепшага плану не будзе. Праз гэтую прыпавесць біскуп Аляксандр падкрэсліў вартасць святарскага паклікання і асаблівым чынам адудзячыў Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу і ксяндзу Юзафу Занеўскаму SDB за іх служэнне.
У сваю чаргу Мітрапаліт адзначыў сваю вялікую любоў да ксяндза Юзафа Занеўскага SDB, падкрэсліўшы як шмат яны працавалі разам і ў Беларусі і ў Расіі, а таксама адданасць святара і яго гатоўнасць да нялёгкай працы адраджэння хрысціянскіх каштоўнасцяў. Таксама Арцыбіскуп узгадаў сваю першую Святую Імшу ў Смаргоні, падчас якой ён удзяліў Cакрамэнт бежмавання Аляксандру Яшэўскаму, свайму сённяшняму паплечніку і сабрату ў біскупстве.
Кожнае пакліканне да святарства, гэта таямніца, гэта Дар, які пераўзвышае чалавека. Усемагутны Бог ніколі не памыляецца, даючы чалавеку адпаведны час зразумець сваё прызначэнне.
Сёння мы можам дзякаваць Богу за гэтыя шматлікія юбілеі, за асобу ксяндза Юзафа Занеўскага, за біскупаў і святароў і падтрымліваць іх малітоўна. Заўсёды памятаючы аб неабходнасці малітвы за новыя святыя манаскія і законныя пакліканні!