На адпачынак з “Адкрытымі сэрцамі” быў запрошаны паважаны госць з Італіі Дон Натале, які ў дадзены час знаходзіцца на практыцы пры Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь.
Згодна з праграмай, прапанаванай духоўным кіраўніком групы ксяндзом Іванам Огарам SDB і сястрой Тэрэзай Сольнічэк FMA, для “Адкрытых сэрцаў” была арганізавана пілігрымка ў санктуарый Маці Божай Тракельскай, апякункі сем’яў. Пасля ўдзелу ў святой Імшы пілігрымы мелі магчымасць памаліцца перад цудадзейным абразом Маці Божай Тракельскай, каб узнесці словы падзякі, просьбы і перапрашэнні праз заступніцтва Панны Марыі.
Наступным месцам духоўнага ўзбагачэння стаў касцёл св. Казіміра, што ў вёсцы Ліпнішкі, дзе “Адкрытыя сэрцы” мелі вельмі цікавую сустрэчу з айцом Вітальдам. Размова была прысвечана актуальным пытанням, з якімі сустракаюцца сучасныя сем’і ў спробах пабудаваць здаровыя сямейныя адносіны.
Напоўненыя духоўна і натхнёныя мудрымі разважаннямі, “Адкрытыя сэрцы” працягнулі адпачынак у палатачным лагеры, дзе іх чакалі актыўныя гульні, спевы, жарты, гурткі па інтарэсах.
Важнае месца падчас адпачынку займала сумесная малітва і разважанне над Божым Словам. Асновай для духоўных разважанняў стала прытча пра сейбіта і зерне (Лк 8,4-18). На першы погляд – вядомы і зразумелы ўрывак з Евангелля. Аднак больш дасканалы аналіз дазволіў членам групы пераасэнсаваць і па-новаму паглядзець на тое, якой глебай з’яўляецца кожны з нас і ці дазваляем мы прарастаць Божаму зерню, якое ўпала ў нышыя сэрцы.
Пасля нядзельнай святой Імшы, якая адбылася ў касцёле св. Уладыслава (вёска Суботнікі), “Адкрытыя сэрцы” сустрэліся з пробашчам Аляксандрам, які правёў невялікі экскурс у гісторыю будаўніцтва гэтай святыні з наведваннем фамільнага склепу роду Умястоўскіх, заснавальнікаў касцёла св. Уладыслава.
Праграма адпачынку была вельмі разнастайнай. Гэта дазволіла ўсім адпачыць не толькі фізічна, але і напоўніцца духоўна. За амаль тры дні, пражытыя ў атмасферы добразычлівасці, радасці і духоўнай еднасці, “Адкрытыя сэрцы” выказваюць падзяку ксяндзу Івану Огару SDB, сястры Тэрэзе Сольнічэк FMA і паважанаму госцю Дону Натале.