Смаргонская парафія Святога Міхала Арханёла зладзіла адпачынак для дзяцей 4 -7 класаў. Канікулы праходзілі з 28 па 30 сакавіка.
“Праз крыж да Збаўлення” — так гучала абраная тэма. Весела правесці час разам дзецям дапамагалі аніматары, памочнікі, а таксама с. Дар’я Еўтухоўская FMA і кл. Юрый Пашкавец SDB.
На працягу трох дзён удзельнікі разважалі над Пасхальным Трыдыумам, які ўключае ў сябе Вялікі чацвер, Вялікую пятніцу і Вялікую суботу.
Штодзённая праграма складалася з малітвы, гульняў, падвячорка, а таксама з прагляду мультфільма на тэму Святога Трыдыума. Дзяцей таксама чакалі невялічкія хатнія заданні, у якіх неабходна было праяўляць учынкі любові і міласэрнасці да сваіх блізкіх і родных. У першы дзень прысутныя разважалі пра Вялікі чацвер, а менавіта пра ўстанаўленне сакраманту Эўхарыстыі, пра Вячэру Пана.
Тэмай разважання на другі дзень стала Вялікая пятніца. Дзеці памаліліся разам у касцёле Вяночак да Божай Міласэрнасці. Пасля на невялічкіх лістках паперы кожнае дзіця напісала свае дрэнныя ўчынкі, за якія шкадуе. Пазней усе гэтыя надпісы былі знішчаны. Гэта стала своеасаблівым сімвалам і напамінам пра тое, што Бог – наш міласэрны і любячы Айцец, які заўсёды прабачае.
У апошні дзень дзеці разважалі пра Вялікую суботу. Больш падрабязна яны даведаліся пра Літургію Хросту. Разам хлопцы і дзяўчаты рабілі вырабы з пластыкі ў выглядзе хрысціянскіх сімвалаў. Потым сястра Дар’я расказала пра Літургію святла, пасля чаго ўсе пачалі займацца стварэннем прыгожых падсвечнікаў.
У падвальнай частцы касцёла арганізатары зрабілі дэкарацыі і Гроб Пана, а аніматары паказалі невялікае прадстаўленне пра тое, што Езус уваскрос. Пасля гэтага адбылася супольная малітва на ружанцы.
Праведзены разам адпачынак дапамог даведацца дзецям пра вельмі важныя дні Святога Пасхальнага Трыдыума, а таксама наблізіў кожнага да найвялікшай таямніцы ўваскрашэння Езуса.