З 6 па 15 чэрвеня 20 дзяўчынак з дзіцячага хора з парафіі св. Міхала Арханёла са Смаргоні праводзілі свой летні адпачынак з Богам у Шчучыне ў доме айцоў Піяраў. Арганізатарам гэтага адпачынку была с.Вераніка Блізнюк – салезіянка са Смаргоні.
"Вясёлыя ноткі" – такую назву лагера выбралі сабе дзяўчаты, якія, пасля таго як пазнаёміліся з гісторыяй з'яўлення нот, кожны дзень разважалі над нотамі па чарзе і, ведаючы іх значэнне, спрабавалі злучаць іх з рознымі хрысціянскімі і чалавечымі якасцямі. Кожны дзень яны самастойна праводзілі розныя малітвы, дапамагалі ў падрыхтоўцы ежы, прыбіраліся ў хаце і шмат гулялі, спявалі, майстравалі цікавыя вырабы, праводзілі вясёлыя вечары.

Праз свой штодзённы ўдзел у святой Імшы ў парафіяльным касцёле, праз добрыя паводзіны, цікавыя і актыўныя гульні на пляцу каля дома і касцёла дзяўчынкі пакінулі добрае ўражанне жыхарам Шчучына і пачулі шмат слоў удзячнасці за гэта ў свой бок. Але таксама і дзяўчынкі самі адчулі цеплыню і адкрытасць сэрцаў святароў, якія іх прымалі, бо сапраўды было ім там добра – як дома.
Падчас адпачынку дзяцей наведаў таксама ксёндз пробашч са Смаргоні - кс.Алег Жураўскі SDB, дзякуючы падтрымцы якога і змог адбыцца гэты лагер. Дзяўчынкі з гонарам прагуляліся з ксяндзом па горадзе, а ён са свайго боку ахвяраваў ім марозіва.

Вельмі шмат цікавых успамінаў і цудоўных уражанняў атрымаў кожны ўдзельнік гэтага адпачынку. І сёння ўсе ўдзячныя Пану Богу за гэты супольна праведзены час і за магчымасць навучыцца нечаму новаму і ад усяго сэрца жадаем усім дзецям такіх добрых хвілін падчас летніх вакацый.
Фота аўтара.