Галоўная Дзейнасць Навіны Восеньскія вакацыі з Богам 2017 адбыліся ў Мінску

Восеньскія вакацыі з Богам 2017 адбыліся ў Мінску

На працягу пяці дзён дзеці разам з аніматарамі, с. Валянцінай Кот FMA і кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB разважалі над дарам паслухмянасці пры дапамозе 10 Божых запаведзяў і мультфільму.

Кожны дзень вакацый распачынаўся св. Імшой, пасля дзецям прапанавалася насычаная праграма, якая ўключала ў сябе разважанні, працу па групах, гурткі па інтарэсах і гульні. Цікава, што за тэатральны гурток была адказная Марыя Шатайло, якая прыехала ў Мінск з Масквы, каб больш глыбока паразважаць над сваім імкненнем стаць сястрой салезіянкай.

Разважаючы над Божымі запаведзямі, дзеці вучыліся, што ў жыцці неабходна заўсёды на першае месца ставіць Бога і ўмець знаходзіць час на нядзельную св. Імшу і асабістую малітву. Таксама арганізатары вакацый звярнулі ўвагу дзяцей на тое, што неабходна мець добрыя адносіны з бацькамі.

Пад час чацвёртага дня вакацый, які прыпадаў на ўспамін усіх памерлых, удзельнікі разам з арганізатарамі адведалі ваенныя могілкі, дзе памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, ўшанаваўшы тым самым памяць памерлых.

Скончыліся восеньскія вакацыі канцэртам, на які былі запрошаны бацькі ўдзельнікаў. Праграму рыхтавалі дзеці разам з аніматарамі.

Напрыканцы апошняга дня вакацый з традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч звярнуўся да прысутных кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Святар падкрэсліў, што 10 Божых запаведзяў, над якімі дзеці разважалі пад час вакацый, з’яўляюцца інструментам для сапраўднага шчасця. Кс. Павел запрасіў бацькоў, каб яны разам са сваімі дзецьмі паразважалі дома над Божымі запаведзямі і стараліся жыць імі ў штодзённасці.

Падзяліцца: