Яно пакідае ў душы незнішчальны адбітак і дае ўзрастанне ласкі хросту: больш глыбока ўкараняе ў Божым усынаўленні, больш цесна яднае з Хрыстом і Ягоным Касцёлам, умацоўвае ў душы дары Духа Святога, адорвае асаблівай моцай для сведчання хрысціянскай веры.
30 красавіка для 53 чалавек са смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла настала асабістая “Пяцідзесятніца”. Да сакрамэнту хрысціянскай сталасці прыступілі як маладыя людзі, так і старэйшыя асобы.
На ўрачыстасць канфірмацыі вернікі Смаргоні сабраліся на палявым алтары побач са святыняй. Кандыдаты да бежмавання напачатку прывіталі распарадчыка сакрамэнту Духа Святога падчас сёлетняй ўрачыстасці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Першым са словамі прывітання звярнуўся старшыня смаргонскага райвыканкама спадар Генадзій Харужык. Пасля слоў вітанняў старшыня падарыў біскупу Аляксандру памятныя падарункі ад смаргонскай зямлі. Вернікі прывіталі іерарха традыцыйным беларускім хлебам ды соллю, а пробашч запрасіў пакланіцца Хрысту ў парафіяльнай святыні.
Урачыстую Літургію музычна анімаваў запрошаны з Мінска каталіцкі гурт Vеrbum Dei. Пасля Літургіі Слова адбылося прадстаўленне кандыдатаў біскупу і просьба пробашча аб удзяленні гэтым выбраным сакрамэнту хрысціянскай сталасці. Кандыдаты ў сваю чаргу выказалі жаданне жыць Хрыстовым Евангеллем і мужна вызнаваць веру. У гаміліі біскуп Аляксандр растлумачыў кандыдатам да канфірмацыі, чым ёсць сакрамэнт, які яны сёння прымуць. Таксама іерарх падкрэсліў важнасць і асаблівую ролю Духа Святога ў жыцці Касцёла і паасобку кожнага католіка. Таксама біскуп Яшэўскі звярнуў увагу сабраных на два важныя сімвалы дзеяння Духа Святога: вецер і ваду. Праз іх святар раскрыў сабраным таямніцу дзеяння Духа Святога ў жыцці хрысціян.
Сам абрад канфірмацыі распачаўся пасля гаміліі. Сабраныя на Літургіі былі сведкамі ўскладання рук на прымаючых канфірмацыю, здзейсненае біскупам і канцэлебруючымі прэзбітэрамі, якое выражае біблійны жэст закліка дару Духа Святога. Таксама кандыдаты атрымалі намашчэнне хрызмам, якое азначае плён дару Духа Святога. Праз намашчэнне духмяным алеем рукою біскупа кандыдаты прынялі незнішчальны знак, пячаць Пана, разам з дарам Духа Святога, які больш дасканала прыпадабняе іх да Хрыста і дае яму ласку пашыраць сярод людзей “прыемны водар”.
У працэсіі з дарамі, як дар ад тых, хто ў гэтым годзе атрымаў сакрамэнт канфірмацыі, былі прынесеныя фэрэтрон Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які будзе ўдзельнічаць ва ўсіх эўхарыстычных працэсіях парафіі, і рэліквіярый, у якім будуць змешчаны рэліквіі святога мучаніка, замураваныя ў новы эўхарыстычны алтар смаргонскага касцёла.
Пасля св. Імшы прыняўшыя канфірмацыю падзякавалі Богу і біскупу Яшэўскаму за атрыманы дар, а біскуп Аляксандр паблагаславіў новы фэрэтрон і памятныя крыжы, якія забралі з сабой як памятку канфірмаваныя вернікі.