Галоўная Дзейнасць Навіны Успамін св. Дамініка Савіо адзначылі ў Бараўлянах

Успамін св. Дамініка Савіо адзначылі ў Бараўлянах

6 мая ў бараўлянскай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў адзначылі свята святога Дамініка Савіо, апекуна салезіянскай супольнасці ў Бараўлянах, міністрантаў і жанчын у благаслаўлёным стане.

Распачалося свята са святой Імшы, пад час якой адбыўся абрад складання абяцанняў удзельнікаў” Савіо-клуба”. Моладзь старэйшай групы аднавіла пастанаўленні, зробленыя ў мінулым годзе, дзеці з малодшай групы прысягнулі ўпершыню. Падлеткі далі абяцанні жыць у сяброўстве з Езусам і Марыяй, сумленна выконваць свае абавязкі, пазбягаць цяжкага граху, наследуючы ў сваім жыцці прыклад святога Дамініка Савіо.

Пад час казання ксёндз Казімір Шыдэлко SDB засяродзіў увагу на тым, як маліўся малады святы. Святар распавёў, што Дамінік пад час малітвы забываўся на ўсе свае штодзённыя справы і мог губляць пачуццё часу, праводзячы па некалькі гадзін запар у малітоўным экстазе. Так і нам трэба імкнуцца ў малітве засяроджвацца менавіта на размове з Богам, выключаючы ў сваёй галаве “музыку штодзённасці”, якая гучыць там, не даючы сканцэнтравацца на галоўным у гэты момант.

Пасля Імшы ўдзельнікі “Савіо-клуба” разам з бацькамі і аніматарамі накіраваліся ў араторый, які дзейнічае пры парафіі, дзе адбыўся вясёлы вечар на завяршэнне году дзейнасці клуба. Дзеці, якія наведвалі сустрэчы клуба напрацягу апошніх трох год, атрымалі невялічкія падарункі на завяршэнне сваёй фармацыі.

Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC

Падзяліцца: