Галоўная Дзейнасць Навіны Урачыстасць Усіх Святых адсвяткавалі ў мінскім араторыі

Урачыстасць Усіх Святых адсвяткавалі ў мінскім араторыі

Свята пачалося Эўхарыстыяй. Падчас яе кс. Іван Огар SDB прапанаваў дзецям падумаць над пытаннямі, што такое святасць, хто такі святы чалавек, як мы можам стаць святымі. Як адказалі дзеці, дзеля таго, каб стаць святым, трэба рабіць добрыя ўчынкі і выконваць 10 Божых запаведзяў. Святар нагадаў, што кожны можа стаць святым, добра выконваючы штодзённыя абавязкі.

Пасля Імшы дзеці разам з бацькамі накіраваліся ў араторый, дзе іх сустрэлі аніматары і кандыдаты ў аніматары, якія праз падрыхтаванае прадстаўленне дапамагалі дзецям даведацца, што такое святасць, і разам ісці да яе, пазнаючы некаторыя якасці: стараннасць, паслухмянасць, радасць, давер, добрыя ўчынкі.

Удзельнікі свята павінны былі прайсці эстафету, праявіўшы падчас яе сваю стараннасць; паказаць сваю паслухмянасць у конкурсе, падчас якога яны павінны былі слухаць адзін аднаго. Наступнай якасцю, якая дапамагала распазнаць, што такое святасць, была радасць, і дзецям было прапанавана дзяліцца сваёй радасцю «камкамі» шчасця.

Адкрыўшы ўсе якасці, дзеці змаглі адказаць на пытанне «Што такое святасць?». Напрыканцы адбылася малітва, агульны фотаздымак і салодкі стол.

                                                                                                     

Падзяліцца: