Узначаліў канцэлебраваную святую Імшу ксёндз Алег Каралёў SDB, які атрымаў святарскае пасвячэнне ў ліпені бягучага года. Гэта была яго прыміцыйная святая Імша ў гэтай парафіі. Прыгожай працэсіяй пад гукі духавога аркестру новапрэзбітэр быў праведзены з плябаніі да дзятлаўскага касцёла, дзе сабралася мноства вернікаў. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама і прадстаўнікі свецкай улады.
Гамілію для сабраных прамовіў Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Ён распавёў праўдзівую гісторыю аб тым, як маладая каталічка, дзякуючы ружанцу, выратавалася падчас караблекрушэння. Малітва на святым ружанцы дапамагла дзяўчыне зразумець, што яна не адна ў бядзе, што Марыя трымае яе за руку і абавязкова дапаможа пераадолець катастрофу. Так і сталася. Святар падкрэсліў, што жыццё кожнага з нас напоўнена штодзённымі цяжкасцямі і рознымі складанымі сітуацыямі, і мы не павінны чакаць надзвычайных момантаў, каб прасіць аб заступніцтве Маці Божую. Мы можам і нават абавязаны давяраць Ёй кожны свой дзень і кожны свой крок. У той жа момант нельга, каб наша малітва не была толькі шэрагам просьбаў, перасцярог кс. Віктар і параіў шукаць і прымаць волю Бога ў сваім жыцці, як гэта рабіла Марыя.
Пасля святой Імшы вернікі павіншавалі ксяндза Віктара з прызначэннем на пасаду Рэгіянальнага настаяцеля Таварыства святога Францішка Сальскага ў Беларусі на другі тэрмін. Ксяндз Алег Каралёў SDB пачуў словы віншавання з нагоды святарскага пасвячэння. Затым адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўрачыстая працэсія вакол касцёла, пасля чаго новапрэзбітэр удзяліў усім прыміцыйнае благаслаўленне.
Такасма варты ўдзячнасці намаганні па падрыхтоўцы урачыстасці пробашча парафіі ксяндза Здзіслава Пікулы SDB і парафіянаў.
Фотаздымкі: Юрый Аблажэй