Галоўная Дзейнасць Навіны Урачыстасць св. Юзафа адзначылі ў Смаргоні

Урачыстасць св. Юзафа адзначылі ў Смаргоні

У парафіі гэты дзень асабліва пазначаны апекай мужчынаў і хлопцаў. У пэўным сэнсе традыцыяй сталася ў Смаргоні адзначаць урачыстасць св. Юзафа як мужчынскі каталіцкі дзень. Св. Юзаф вельмі ўшаноўваецца ў парафіі: ў касцёле змешчана вялікая фігура святога, а 19-га чысла кожнага месяца мужчыны парафіі збіраюцца на супольную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўшанаванне святога рамесніка з Назарэта.

Да сёлетняй ўрачыстасці парафія рыхтавалася праз навэнну, якую вернікі маліліся ля фігуры святога. У дзень урачыстасці мужчыны парафіі сабраліся на супольнае разважанне крыжовага шляху, падчас якога рабілі рахунак са сваіх грахоў. На галоўнай Эўхарыстыі а 18-й гадзіне сярод вернікаў была відавочная большасць мужчынаў. На св. Імшы прысутнічалі святары: кс. Артур Ляшнеўскі SDB, кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, кс. Міхаіл Радзевіч SDB і кс. Юзаф Занеўскі SDB, пробашч з Жупранаў, які ў гэты дзень адзначаў свае імяніны. 

Падчас гаміліі, якую прамовіў кс. Артур, былі закранутыя два важныя аспекты апекі св. Юзафа: апека над працуючымі і над айцамі сямей. Святар прыпомніў аб вартасці айцоўства і нагадаў, што ўзор айца мы маем у асобе св. Юзафа. На канец св. Імшы адбылося індывідуальнае благаслаўленне мужчынаў і хлопцаў. Пасля благаслаўлення быў асвечаны новы фэрэтрон св. Юзафа, з якім вернікі абышлі вакол касцёла ў працэсіі пад гук званоў і спеў літаніі да святога мужа Марыі.

Падзяліцца: