На працягу 9 дзён парафіяне маліліся навэнну да Маці Божай Успамогі Хрысціян, ахопліваючы сваёй малітвай увесь Касцёл і хрысціян усяго свету. У сонечны і цёплы нядзельны ранак усе сабраліся на Святую Імшу. Як вельмі трапна заўважыў ксёндз-пробашч, кожнаму ёсць за што падзякаваць Марыі – за атрыманыя ласкі, за дапамогу, за ўсю тую прыгажосць, якую Яна прыносіць Сваёй прысутнасцю ў парафіі і ў асабістым жыцці.
Пасля Святой Імшы адбыўся канцэрт у гонар Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. Да сёлетняй урачыстасці парафіяльны хор рыхтаваўся асаблівым чынам. Справа ў тым, што на агульнабеларускім свяце Марыі Успамогі Хрысціянаў у Смаргоні 21 мая хор меўся праспяваць Акафіст да Маці Божай. У бараўлянскай парафіі праводзіўся нават дадатковы набор мужчын, каб спеў загучаў, як трэба. Шматлікія рэпетыцыі далі добры плён. Як адзначыў кс. Казімір, споўнілася, нарэшце, ягоная мара – Марыйны Акафіст у выкананні парафіяльнага хора. Канцэрт працягваўся далей сіламі здольных парафіян: вальс “На сопках Манчжурыі”, пранікнёная і пяшчотная песня “Halleluya”, ціхія “Простыя словы” выступленні выхаванцаў школы “Гармонія”, вясёлыя спевы і танцы дзіцячага хора. На завяршэнне парафіяльнага свята кс. Казімір Шыдэлка SDB удзяліў Божае благаслаўленне, адзначыў усіх удзельнікаў канцэрта і яшчэ раз нагадаў прысутным, што свае таленты нельга хаваць у зямлю, але трэба развіваць і дзяліцца з іншымі.