Галоўная Дзейнасць Навіны Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і 20-годдзе араторыя адзначылі ў Мінску

Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і 20-годдзе араторыя адзначылі ў Мінску

8 снежня 2020 года парафія св. Яна Хрысціцеля адзначала ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэтае свята – важнае для салезіянскай парафіі, бо менавіта ў гэты дзень, 179 гадоў таму, упершыню з’явіўся араторый, калі св. Ян Боско сустрэўся з  Барталамеем Гарэллі.

Для салезіянскага араторыя ў Мінску гэта таксама асаблівае свята  – дзень нараджэння, і ў гэтым годзе яму споўнілася 20 год.

Свята распачалося св. Імшой, якую цэлебравалі кс. Аляксандр Мятліцкі SDB і кс. Алег Каралёў SDB. Падчас гаміліі кс. Алег праз прыклад св. Яна Боско, які шмат давяраў Беззаганнаму Зачаццю Панны Марыі, адзначыў, што варта давяраць Марыі пад гэтым тытулам. Пасля гаміліі было традыцыйнае аднаўленне абяцанняў аніматараў. У гэтым годзе да салезіянскіх аніматараў далучыліся Ульяна Сінькевіч і Яна Маціс, а да кандыдатаў у аніматары  – Мікалай Карабко і Паліна Сакалова.

Напрыканцы св. Імшы былі зачытаны віншаванні ад дэлегата салезіянаў у Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB з нагоды 20-годдзя араторыя ў Мінску, а таксама паказана відэа з віншаваннямі ад святароў, сясцёр і моладзі, якія прызвычаіліся да справы араторыя на працягу гэтых 20 гадоў.

З вялікай удзячнасцю ўсе прысутныя паглядзелі і відэа-віншаванні з нагоды 20-годдзя араторыя якія даслалі Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, сястра Габрыэля Родэ FMA, шматлікія святары і сёстры, а таксама моладзь, якая калісці выхоўвалася ў араторыі. Гэтыя відэа-віншаванні можна ўбачыць на старонках араторыя ў інстаграм і ютуб.

Падзяліцца: