Для бараўлянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў гэтая ўрачыстасць таксама важная і мае свой адметны каларыт. Рыхтуючыся да ўрачыстасці, усе групы Салезіянскай сям'і Бараўлянаў - святары салезіяне і сястра, салезіяне супрацоўнікі, аніматары і АДМА - штодзённа сустракаліся анлайн, каб памаліцца разам навэнну.
У дзень урачыстасці святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB разам з рэгінальным настаяцелем салезіянаў на Беларусі кс. Віктарам Гайдукевічам SDB і пробашчам парафіі кс. Казімірам Шыдэлко SDB.
Падчас гаміліі біскуп адзначыў, што чытанні, якія вернікі Касцёла чуюць падчас урачыстасці, сведчаць, што тое Слова, тое абяцанне, якое Бог дае на пачатку стварэння, спаўняецца. "Бог прадбачыць жанчыну, новую Еву, у якой выканаюцца Божыя абяцанні".
Біскуп Аляксандр правёў паралель паміж Евай, першай маці, і Марыяй: "Праз Еву ў свет прыйшоў грэх, а праз Марыю - збаўленне".
Таксама іерарх параіў кожнаму верніку вучыцца перамагаць зло, наследуючы прыклад Марыі: жыць ласкай, благаслаўляць і жыць згодна з воляй Божай. "Мець ласку - гэта мець сілу і здольнасць сціраць галаву сатане, быць пераможцам, не даваць яму магчымасці дзейнічаць у нашым жыцці. Таму важна імкнуцца карыстацца з дару споведзі, каб жыць у ласцы і быць здольнымі адганяць спакусы сатаны". Біскуп падкрэсліў, што слова "благаслаўляць" не звязана толькі з благаслаўленнем пасля Імшы. Благаслаўляць азначае жадаць другому дабра.
Пасля гаміліі салезіянскія аніматары, якія нясуць сваё служэнне сярод дзяцей і моладзі ў парафіі і араторыі, аднавілі свае абяцанні, яшчэ раз пацвярджаючы сваю гатоўнасць рабіць усё на хвалу Божую і дзеля збаўлення душаў.
Напрыканцы св. Імшы жадаючы вернікі склалі да Маці Божай загадзя напісаныя лісты, якія пасля малітвы былі спалены.