Галоўная Дзейнасць Навіны Урачыстае ўвядзенне ў святыню ганаровага каноніка

Урачыстае ўвядзенне ў святыню ганаровага каноніка

Урачыстае ўвядзенне ў святыню ганаровага каноніка Мінскага катэдральнага капітула ксяндза доктара Віктара Гайдукевіча SDB адбылося ў Бараўлянах

12 кастрычніка парафію Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB з нагоды ўрачыстага ўвядзення ў святыню ганаровага каноніка Мінскага катэдральнага капітула ксяндза доктара Віктара Гайдукевіча SDB.

Падчас святой Імшы, якая адбылася ў гэты знаменальны дзень, адбылося таксама ўступленне ксяндза Віктара на пасаду дырэктара салезіянскай супольнасці імя святога Дамініка Савіо ў Бараўлянах.

Перад пачаткам Імшы біскуп Аляксандр звярнуўся да вернікаў, падкрэсліўшы, што "тытул каноніка — гэта не толькі адзнака асаблівых заслуг святара перад мясцовым Касцёлам, але і вялікі гонар для ўсёй парафіі і супольнасці".

Ксёндз Алег Каралёў SDB, які ўдзельнічаў у святкаванні ў якасці вікарыя рэгіянальнага настаяцеля, ад імя ўсёй салезіянскай супольнасці павіншаваў новага каноніка і выказаў зычэнне, "каб гэты знак асаблівай удзячнасці Касцёла стаў крыніцай натхнення на новыя вялікія справы на карысць таварыства, вернікаў і на хвалу Божую".

Казанне да сабраных прамовіў ксёндз Алег. Святар разважаў над Словам Божым, падкрэсліўшы, што "часта, калі мы звяртаемся да Бога з просьбай аб ласках, мы хочам, каб усё адбывалася па нашай уласнай праграме, без нашых намаганняў. Менавіта таму мы часта не заўважаем цудаў, бо наша сэрца не падрыхтавана". Ён таксама адзначыў, што для сапраўднага навяртання недастаткова аднаго цуду — неабходныя рэгулярная споведзь, Святая Камунія, прызнанне ўласнай слабасці і праца над грахамі, жыццё без граху і прызнанне любові Божай.

Пасля казання адбыўся ўрачысты абрад увядзення на пасаду дырэктара супольнасці. Ксёндз Алег зачытаў выняткі з салезіянскіх Канстытуцый, якія вызначаюць абавязкі і функцыі дырэктара, а таксама ліст паслухмянасці аб прызначэнні на пасаду. Затым ксёндз Віктар вызнаў Апостальскі Сімвал Веры і зачытаў прысягу вернасці.

У завяршэнні Імшы біскуп яшчэ раз павіншаваў ксяндза Віктара, адзначыўшы, што "гэта вельмі прыгожая падзея, важная для Касцёла, для бараўлянскай парафіі і салезіянскай супольнасці".

Ксёндз Віктар у сваю чаргу падзякаваў біскупу за сяброўскую прысутнасць і выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва. Ён таксама падзякаваў ксяндзу Алегу за падтрымку і супольную працу на карысць салезіянскага таварыства, а ўсім парафіянам за малітвы, прысутнасць і цёплыя словы.

 Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC

Падзяліцца: