СМС – гэта не толькі дарослыя, бацькі, але і малодшае пакаленне, дзеці самых розных узростаў (ад двух да пятнаццаці год), якія адной сапраўднай сям’ёй разам пражылі гэтыя незвычайныя дні.
Магутнымі дрэвамі, непралазным гушчаром, захапляльным спевам птушак і яркім сонейкам сустрэла ўдзельнікаў Налібацкая пушча. Уражанні ад сустрэчы з такой першароднай прыгажосцю не перадаюцца звычайнымі словамі: гэта патрэбна ўбачыць і перажыць. Але лес быў толькі пачаткам узнёслых эмоцый таму, што ў яго глыбінях схавалася адно з найпрыгажэйшых азёр Беларусі – Кромань. Велічнае, блакітнае і крыху самотнае…
Сумесная малітва ў такім месцы надавала нейкае дадатковае ўнутранае трымценне, адчуванне еднасці з людзьмі і Богам. У такія хвіліны нават самыя маленькія ўдзельнікі падарожжа сцішваліся і, здаецца, таксама адчувалі гэта.
Суботнім ранкам СМС накіравалася ў вёску Налібакі, у касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі на святую Імшу. Сустрэў падарожнікаў пробашч парафіі ксёндз Мар’ян. Адбылася вельмі цёплая сустрэча: айцец распавёў прысутным пра гісторыю касцёла і мясцовасці. Дарэчы, сёлета, у жніўні, будзе святкавацца 570-годдзе гэтай прыгожай святыні!
Слова Божае падчас святой Імшы, якую правёў ксёндз Іван, натхніла ўдзельнікаў сустрэчы на далейшае радаснае сумеснае правядзенне часу: абед, розныя гульні на беразе возера, купанне, спевы пад гітару і, зразумела, на сумесную малітву.
Вельмі важным этапам у духоўным узрастанні кожнага верніка было разважанне над радкамі з Евангелля. Айцец Іван дапамог разабрацца ў складаных пытаннях, якія ўзнікалі падчас гутаркі: што такое Валадарства Нябеснае і дзе яго шукаць? Многія з радасцю ўключаліся ў дыялог, спрабуючы сумесна знаходзіць адказы на розныя пытанні.
Гэтыя тры дні для ўсіх удзельнікаў суполкі былі па-сапраўднаму насычанымі. Яны ўзбагаціліся і духоўна, і фізічна. Усе падарожнікі шчыра дзякуюць Богу за такую цудоўную магчымасць узрастання ў веры.