З 21 па 26 ліпеня ў в. Мажэйкі (Пастаўскі раён) адбыліся выязныя вакацыі з Богам, арганізаваныя кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB, с.Валянцінай Кот FMA, с. Дар’яй Еўтухоўскай FMA, аніматарамі і салезіянамі супрацоўнікамі. У вакацыях прымалі ўдзел вучні 6-10 класаў з розных салезіянскіх дамоў.
“Змагайся праз любоў” – гучала тэма лагера. Удзельнікі паглыбіліся ў рыцарскую тэматыку і кожны дзень разважалі над адказнасцю ў сяброўстве, сустрэчы і любові.
Удзельнікі лагера былі падзелены на дзве каманды, у складзе якіх яны разам маліліся, гулялі і адпачывалі. Дзень скончваўся гімнам, малітвай і слоўкам на добрую ноч.
Таксама кожны дзень падлеткам прапанаваліся майстэрні, у якіх выраблялі рыцарскія рэчы, такія як кальчуга (майка) і духоўны меч (ружанец). У цёплыя дні ўдзельнікі лагера пад прыглядам аніматараў мелі магчымасць пакупацца і пакатацца на катамаране.
У апошні вечар адбыўся рыцарскі турнір, у выніку якога кожнага з удзельнікаў лагера прынялі ў рыцары любові.