І таму з 16 па 25 жніўня ў вёсцы Вайнідзеняты разам з ксяндзом Паўлам Шчарбіцкім SDB і сястрой Валянцінай Кот FMA праходзіў летнік для аніматараў і кандыдатаў. Сустрэлася моладзь з Мінска і Смаргоні.
Гэта быў час, калі кожны мог адчуць сябе ў сапраўднай сям’і, паглядзець на сябе і проста адпачыць.
Лагер быў падзелены на 3 часткі - адпачынак, фармацыя і сустрэча з памочнікамі.
З надвор'ем удзельнікам вельмі пашанцавала. Яны маглі і купацца, і гуляць, і канешне ж быць разам. Кульмінацыйным момантам кожнага дня была святая Імша, на якой аніматары і кандыдаты набіраліся духоўных сіл. Кожны раз падчас казанняў, ксёндз Павел пакідаў думкі, над якімі кожны пазней разважаў.
Пасля адпачынку пачалася фармацыйная частка, на якую завітаў госць- сястра Барбара Сайнок. На працягу трох дзён яна дапамагала ўдзельнікам разважаць і спазнаваць, што такое сям’я, якія ёсць пачуцці, што такое сяброўства... Засяродзіліся над тым, чым з’яўляецца сяброўства, закаханасць і каханне. Паразважалі таксама пра тое, якія ёсць віды межаў у жыцці кожнага, а таксама на тым, хто і дзе адыгрывае пэўную ролю ў штодзённасці.
Першае пытанне, якое хвалявала ўдзельнікаў, гучала так: "Як зрабіць выбар?" І сястра вельмі проста адказала: "Выбар - гэта згода, каб згубіць!"
Час фармацыі праляцеў вельмі хутка. Да ўдзельнікаў далучыліся памочнікі са Смаргоні і Мінска. Усе разам з аніматарамі, кандыдатамі, ксяндзом Паўлам і сястрой Валянцінай рыхтавалі гэтую сустрэчу і вельмі іх чакалі.
Каля ўваходу для памочнікаў былі падрыхтаваны пэўныя выпрабаванні: іх праверылі на спартыўную падрыхтоўку, адвагу і радасць.
Імша, апошні вечар, спевы і заключнае “слоўка” на добрую ноч… У апошні дзень шмат гаварылі пра тое, што кожнаму патрэбна выйсці са сваіх куткоў, заўважыць Бога, які заўсёды побач. Падчас “слоўка” ксёндз Павел задаў наступныя пытанні: “Які ты аніматар? Што табе патрэбна, каб палаць моладдзю?” Святар прыпомніў, што аніматарства – самастойны і вольны выбар. Ён таксама сказаў: “Мы сям’я, якая нясе адказнасць за кожнага, хто тут знаходзіцца, а таксама за тых, да каго мы пасланыя. У сапраўднай сям'і важна быць прыкладам, падтрымкай адзін для аднаго і трымацца разам”.
На раніцу пасля снядання, сабраўшы свае рэчы, кожны накіраваўся дамоў, каб з новымі сіламі вырошчваць і збіраць плён пасеянага ў летніку зерня.