21 сакавіка ў смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла адбылася VI Аратарыяда — спартыўныя спаборніцтвы паміж салезіянскімі араторыямі Беларусі для дзяцей з 5-га па 7-мы клас.

Спаборніцтвы распачаліся раніцай са святой Імшы, якую ўзначаліў дырэктар рэлігійнай місіі “Таварыства Святога Францішка Сальскага” ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. У казанні да спартсменаў кс. Віктар адзначыў, што, акрамя жадання перамогі ва ўсіх спаборніцтвах, прысутнічае яшчэ адзін важны аспект — страх памылкі, страх быць горшым за іншых. У сувязі з гэтым ён распавёў гісторыю пра хлопца, якога ўзялі ў футбольную каманду. Хлопец вельмі стараўся, але ўсё адно быў адным з горшых гульцоў і заставаўся на замене. Аднойчы ў важным матчы яго выпусцілі на пляцоўку, і ён амаль адразу дапусціў вырашальную памылку. Нягледзячы на гэта, трэнер не замяніў яго адразу, але сказаў: “Гуляй далей, я табе давяраю”, гэта надало хлопцу сіл, і ён зрабіў выніковы пас, які дапамог камандзе перамагчы.
Пераносячы гэтую гісторыю на нашае жыццё, можна заўважыць, што калі ў нас нешта не атрымліваецца, з’яўляецца спакуса ўсё кінуць і апусціць рукі, але калі мы адчуваем, што нам давяраюць, з’яўляюцца сілы ісці далей. “І вось тут адкрываецца тое, пра што гаворыць Евангелле. Езус не глядзіць на чалавека толькі праз прызму яго поспехаў або паражэнняў. Ён глядзіць глыбей – Ён глядзіць на яго сэрца. Ён бачыць не толькі тое, што ўжо ёсць, але і тое, кім чалавек можа стаць”.
Звяртаючыся непасрэдна да ўдзельнікаў аратарыяды, кс. Віктар засяродзіў іх увагу на важнай думцы: “Сапраўдная перамога нараджаецца не там, дзе табе апладзіруюць. Яна нараджаецца ўнутры – у той момант, калі ты, нягледзячы на ўсё, застаешся чалавекам, які не кідае, які верыці і які ідзе далей”.
Пасля святой Імшы адказны за душпастырства моладзі ксёндз Алег Каралёў SDB азнаёміў усіх з рэгламентам спаборніцтваў, і ў араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі, быў дадзены афіцыйны старт спартыўным баталіям.
У першай палове спаборніцтваў падлеткі змагаліся ў наступных дысцыплінах: настольны футбол, настольны тэніс, дартс, прыжкі праз скакалку, шашкі, гульня Alias і камп’ютэрная гульня Brawl Stars. Пасля абеду адбыўся інтэлектуальны конкурс, а напрыканцы спаборніцтваў — дзве вялікія камандныя гульні, у якіх прымалі ўдзел па дзесяць чалавек з кожнага араторыя. Перамогу ў гульні “Два капітаны” ва ўпартай барацьбе атрымала каманда смаргонскага араторыя. А ў спартландыі, дзе падчас эстафет неабходна было прадэманстраваць рознабаковыя здольнасці, перамогу атрымала каманда з Мінска.

У адной з эстафет падчас спартландыі ўдзельнікі ўжо традыцыйна павінны былі правільна адсарціраваць смецце. Падлеткі ў экстрэмальных умовах, калі трэба зрабіць выбар як мага хутчэй, узгадвалі, як і куды выкідаць смецце рознага паходжання і складу. Адпаведную інфармацыю ўдзельнікі неаднаразова чулі ў сваіх араторыях, і варта адзначыць, што падчас эстафеты яны дапусцілі мінімальную колькасць памылак.
Апошнім пунктам праграмы ў гэты дзень сталі ўзнагароды. Ксёндз Алег Каралёў SDB выказаў вялікую ўдзячнасць усім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы Аратарыяды, асабліва святарам, сёстрам, аніматарам, офісу развіцця дэлегатуры, а таксама ўсёй вялікай камандзе, якая мела дачыненне да арганізацыі мерапрыемства.

Пасля кожны ўдзельнік, які ўвайшоў у тройку лепшых у сваёй дысцыпліне, атрымаў медаль. Кульмінацыйным момантам спаборніцтваў стала ўзнагароджанне каманды, якая перамагла ў агульным заліку. Перамогу, як і ў мінулым годзе, атрымала каманда араторыя з Мінску, каманда са Смаргоні заняла другое месца, а Бараўляны з мінімальным адставаннем занялі трэцюю прыступку п’едэстала.
Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC