Новы фармацыйны год для яго ўдзельнікаў распачаўся 23 верасня. У гаміліі падчас св. Імшы на пачатак свята кс. Алег Каралёў SDB падкрэсліў значнасць асобы св. Дамініка Савіо і заклікаў браць з яго прыклад. Святар прыпомніў дзецям аб «рэцэпце» святасці, які даў св. Ян Боско маленькаму Дамініку — быць заўсёды радасным, выконваць свае штодзённыя абавязкі і дапамагаць іншым.
Гэты клуб у салезіанскім араторыі імя св. Яна Боско быў створаны з мэтай чалавечай і духоўнай фармацыі падлеткаў, каб дамапагаць ім распазнаць сваё пакліканне, а таксама падрыхтаваць будучых аніматараў. Праз сумесныя сустрэчы дзеці шукаюць уласны шлях да святасці. А дапамагаюць ім у гэтым сумесная малітва, духоўныя размовы, віктарыны, а таксама гульні, выезды на прыроду і яшчэ шмат цікавага. Дзеці з «Савіо-клуба» імкнуцца сябраваць, вызнаваць сваю веру і погляды не толькі у араторыі, але і сярод сваіх сяброў у школе, а таксама ў сваёй сям’і. За пять год дзейнасці шмат хлопцаў і дзяўчат з «Савіо-клуба» сталі салезіанскімі аніматарамі альбо актыўнымі ўдзельнікамі араторыя.
У гэтым годзе «Савіо-клуб» папоўніўся новымі ўдзельнікамі і налічвае каля 60 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 14 год: малодшая і старэйшая групы і былыя выхаванцы.
Першая сустрэча для малодшай групы адбылася разам з іх бацькамі, каб яны маглі адчуць той сямейны і радасны дух, які пануе на сустрэчах «Савіо-клуба». Праз сумеснае знаёмства адзін з адным, з аніматарамі, з кс. Алегам Каралёвым SDB і с. Ірынай Барцэвіч FMA, а таксама праз вясёлыя гульні бацькі даведаліся пра дзейнасць клуба. У гэтым годзе малодшая група будзе знаёміцца з жыццём св. Дамініка Савіо і з правіламі «Савіо-клуба», а старэйшая група будзе вывучаць сон св. Яна Боско аб дзесяці дыяментах.
Як казаў св. Ян Боско: «Ніхто ў неба не ідзе адзін». «Савіо-клуб» — гэта добрая магчымасць знайсці сапраўдных сяброў і паплечнікаў з агульнай мэтай жыцця: дасягнення святасці.