У суботу 12 сакавіка ў Араторыі імя св. Яна Боско адбыўся арганізаваны вечар пад назвай ”23+8”. Моладзь сабралася ў Араторыі, каб разам адзначыць Дзень абаронцаў Айчыны і Міжнародны жаночы дзень.
Праграма складалася з дзвюх частак: спачатку дзяўчаты віншавалі хлопцаў, а потым хлопцы віншавалі дзяўчат. У праграме ўдзельнічала 35 чалавек. Пасля супольнай малітвы распачаўся момант віншавання, якое складалася з розных конкурсаў, сцэнак, відэа і пачастунку. Дзяўчаты падкрэслівалі розныя якасці, якія шануюць у хлопцах, як напрыклад: мужнасць, адказнасць, рашучасць. А хлопцы звярнулі ўвагу на тое, што сапраўдная дзяўчына “і ў палаючую хату ўвойдзе, і каня на скаку затрымае”, і добра накорміць. Яны таксама падкрэслілі якасці, якія шануюць у дзяўчатах: дабрыня, весялосць, лагоднасць, адкрытасць.
Мэтай гэтага вечару было тое, каб падкрэсліць нашае багацце ў разнастайнасці і выразіць адно аднаму сваю падзяку, пашану, любоў і памяць.
Напрыканцы вечара было традыцыйнае салезіянскае “слоўка на дабранач” і супольная малітва, а потым – пачастунак, які прыгатавалі дзяўчаты.