Маленькія ўдзельнікі свята, для таго, каб адпавядаць святочнаму настрою, прыбылі на баль у шыкоўных строях. І “прынцы”, і “прынцэсы” мелі вельмі добры настрой і моцнае жаданне танцаваць і дзяліцца сваёй радасцю з іншымі, таму з лёгкасцю выконвалі ўсе заданні загадчыка свята - патрабавальнага “пажа”.
Госці разам з вядучымі свята - пасламі і пажам з нецярпеннем чакалі галоўнага ўдзельніка свята — Караля. Калі ў троннай зале з’явіўся кл. Юрый у ролі караля, усе віталі яго з вялікай радасцю. Караль запрасіў удзельнікаў свята на агульны танец.
Далей ён распавёў, што ўсе людзі маюць толькі аднаго сапраўднага Караля Сусвету - Хрыста, які ўсіх заўсёды чакае ў сваім Валадарстве і моцна сумуе па кожным. Нечакана, але вельмі прыемна было атрымаць пасланні ад Валадара для кожнага ўдзельніка балю.
Усе “прынцы” і “прынцэсы”, а таксама іх бацькі былі задаволены гэтым простым, але вельмі шчырым і радасным святам, напрыканцы якога адбылася агульная малітва і фотаздымак на памяць.