Галоўная Дзейнасць Навіны У СМАРГОНСКАЙ ПАРАФІІ СВ. МІХАЛА АРХАНЁЛА АДБЫЛОСЯ ЎВЯДЗЕННЕ НА ПАСАДУ НОВАГА ПРОБАШЧА

У СМАРГОНСКАЙ ПАРАФІІ СВ. МІХАЛА АРХАНЁЛА АДБЫЛОСЯ ЎВЯДЗЕННЕ НА ПАСАДУ НОВАГА ПРОБАШЧА

Ксёндз Артур – чалавек для парфіі не новы. У Смаргоні ён праходзіў дыяканскую практыку, рабіў першыя крокі як святар новапрэзбітэр, аддана служыў як адказны за араторый. 

Чын увядзення стаў святам для парафіяльнай супольнасці. У прысутнасці шматлікіх парафіянаў і гасцей парафіі дэлегат біскупа зачытаў дэкрэт Гродзенскага ардынарыя Аляксандра Кашкевіча аб прызначэнні новага пробашча. Затым ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB перад біскупскім дэлегатам і парафіяльнай супольнасцю прыняў абавязкі пробашча парафіі, вызнаў веру і прынёс прысягу, абяцаючы з вялікай стараннасцю і вернасцю выконваць даручаныя абавязкі, служыць як паўсюднаму, так і мясцоваму Касцёлу. 

Пасля падпісання неабходных дакументаў дэлегат біскупа ўрачыста перадаў кс. Артуру Ляшнеўскаму SDB ключы ад святыні з наказам: “Прашу цябе адчыняць гэтую святыню ўсім, хто шукае Бога”.

Новапрызначаны пробашч узначаліў святую Імшу. Гамілію прамовіў кс. Павел Шчарбіцкі SDB, дэлегат салезіянаў на Беларусі, які выконваў паслугу пробашча парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні на працягу папярэдніх дзвюх гадоў. “Клапаціся аб павелічэнні дабра для парафіі, і ва ўсіх справах памятай, што будзем здаваць справаздачу Пану Богу. Першы – я, за мной – ты”, - скончыў дэлегат.

Новага пробашча з радасцю прывіталі члены Парафіяльнай рады, а таксама прадстаўнікі шматлікіх парафіяльных малітоўных рухаў і супольнасцей. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB падзякаваў парафіі за прывітанне: “Скажу без ілжывай пакоры, я вельмі шчаслівы, што прыехаў у Смаргонь. Я вас вельмі моцна люблю, вы для мяне – сям’я. Як святар буду ўвесь ваш.  Дзякую Богу, што даў мне магчымасць быць айцом гэтай парафіяльнай супольнасці”.

Падзяліцца: