Святыя місіі — тэматычныя рэкалекцыі для ўсёй парафіі, мэтай якіх з’яўляецца ўмацаванне і аднаўленне жыцця веры. Звычайна місіі доўжацца цэлы тыдзень. Па запрашэнні пробашча парафіі прыязджаюць святары місіянеры, каб навучыць вернікаў асноўным праўдам веры і маральнасці. Карыстаючыся гэтым часам, кожны вернік можа адкрыць сваё сэрца Богу. Звычайна місіі ў парафіі праводзяцца раз на дзесяць год.
Місіі распачаліся ўрачыстым увядзеннем місіянераў у парафію. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB, пробашч парафіі, урачыста павітаў прапаведнікаў: даў касцёльны крыж для ўшанавання, перадаў кнігу Божага Слова і Пасхал, які місіянеры ўрачыста ўнеслі ў святыню, як сімвал света Хрыстовага Евангелля. Пасля пробашч усклаў на місіянераў святарскія стулы і перадаў душпастырскую ўладу ў парафіі на час місій. Таксама святар удзяліў місіянерам благаслаўленне на плённае навяртанне і ўзмацненне ў веры парафіі.
У панядзелак вернікі разважалі над Божымі запавядзямі, гаворачы пра тое, наколькі яны важныя ў жыцці хрысціянаў і што яны з’яўляюцца нашай абаронай. А. Павел у казанні звярнуў увагу, што ўсе запаведзі з’яўляюцца важнымі і ніводную з іх чалавеку нельга змяняць. Пасля гаміліі вернікі ўдзельнічалі ў набажэнстве “Сінайскага закона”: вызнавалі веру словамі дзесяці запаведзяў, прасілі Бога аб вытрымкі ў іх выкананні, а таксама клалі руку на святую Білію, абяцаючы выканаць гэты Божы закон у сваім жыцці.
У аўторак парафія асабліва атуляла памяццю хворых і састарэлых. Ад самага ранку ўсе святары наведвалі хворых у іх дамах: спавядалі, ўдзялялі св. Камунію і намашчалі алеем. Падчас св. Імшаў прапаведнікі адзначалі, што хворыя – гэта скарб парафіі, бо яны сваім цярпеннем і болем могуць выпрошваць ласкі навяртання для ўсёй парафіяльнай супольнасці.
У сераду вернікі перажывалі місійны дзень памяці аб памерлых. Падчас казанняў місіянеры раскрывалі ўдзельнікам сэнс памірання па-хрысціянскі, параўноўваючы духоўна плодную смерць вучня Хрыста з “мастацтвам” памірання. Вечарам уся парафія прайшла праз горад жалобнай працэсіяй на могілкі. Пасдчас шэсця ўдзельнікі маліліся за памерлых святароў, родных, забітых падчас войнаў і катастрофаў, за тых, чые магілы не пазначаныя крыжом і пра якіх ніхто ўжо не памятае. Да серады ўключна пасля кожнага казання біў “пакутны” звон, “будзячы” тых парафіянаў, якія аткладываюць дзень свайго навяртання.
У чацвер парафія святкавала місійную ўрачыстасць Эўхарыстыі. Увесь дзень парафіяне разважалі над сутнасцю Эўхарыстычнага цуду і важнасці Яго прыняцця. Вечарам пасля Эўхарыстычнага набажэнства парафіяне тройчы абышлі сваю святыню з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У працэсіі людзі неслі харугвы, ферэтроны, спявалі эўхарыстычныя спевы пад гук касцёльных званоў. Пасля працэсіі вернікаў чакала начная адарацыя “Ноч Нікадэма”, падчас якой яны праслаўлялі Божае Цела і мелі магчымасць індывідуальнага бласлаўлення манстранцыяй са святой Гостыяй.
Пятніца была днём пакаяння і ўшанавання святога Крыжа. Вернікі разам з духавенствам у гэты дзень пасцілі на вадзе і хлебе як уміласціўленне за грахі, якія ўчынілі. Вечарам урачыста пад гук драўляных трашчотак быў унесены ў касцёл крыж пакаяння. Прад гэтым крыжом парафіяне па чарзе перапрашалі Бога: мужчыны, жанчыны, моладзь і дзеці. Пад канец набажэнства пробашч прафіі лёг крыжом перад алтаром, перапрашаючы за грахі ўсёй парафіі. Пасля вернікі, несучы вялікі крыж, прайшліся вуліцамі горада, разважаючы над Мукай Езуса Хрыста падчас Крыжовага шляху.
У суботу смаргонцы святкавалі Марыйны дзень. Набажэнствы да Божай Маці, спевы і тэматычныя казанні скончыліся ўрачыстым адданнем парафіі Беззаганнай Панне Марыі. Чын прысвячэння здзейсніў пробашч, вакол яго падчас гэтага дзеяння стаялі члены марыйных рухаў парафіі з запаленымі свечкамі, паказваючы сваю падтрымку і малітоўную салідарнасць у інтэнцыі ўсёй парафіі.
У Пальмовую нядзелю адбылося ўрачыстае заканчэнне святых місій. Пасля св. Эўхарыстый вернікі збіраліся ля місійнага крыжа, пад якім вызнавалі веру продкаў і абяцалі вернасць Богу. Месіянеры на канец місій асвяцілі місійную табліцу на крыжы і новаўсталяваныя ля крыжа фігуры Маці Божай Балеснай і св. Яна Евангеліста. Пасля місіянеры перадалі пробашчу святарскія стулы, як знак скончанай справы святых місій. А кожны вернік меў магчымасць асабіста ўшанаваць місійны крыж.