Галоўная Дзейнасць Навіны У Смаргоні з удзелам біскупаў маліліся за памерлага ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB, шматгадовага душпастыра мясцовай парафіі

У Смаргоні з удзелам біскупаў маліліся за памерлага ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB, шматгадовага душпастыра мясцовай парафіі

Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, спачылы 11 лістапада на 87-м годзе жыцця святар шмат гадоў быў пробашчам гэтай смаргонскай парафіі, а ў апошнія гады — вікарыем і настаяцелем супольнасці салезіянаў, якія нясуць тут служэнне.

Цэлебрацыю Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Жалобнае казанне падчас Эўхарыстыі прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

У цэлебрацыі ўзялі ўдзел святары Смаргонскага і Астравецкага дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі і Маладзечанскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Літургіі папярэднічаў Ружанец за душу памерлага, які вернікі маліліся праз слёзы, часамі не маючы сілаў скончыць малітву. Пасля Ружанца былі праспяваныя Нешпары за памерлага.

 

У гаміліі на Імшы біскуп Яшэўскі нагадаў гісторыю жыцця святой памяці ксяндза Здзіслава Вэдэра. Вернікаў, якія знаходзіліся ў жалобе, напэўна, падтрымалі шматлікія асабістыя ўспаміны пра спачылага, якія прагучалі ў слове іерарха.

Ён падкрэсліў найбольш выразныя цноты гэтага руплівага святара: глыбокую пабожнасць, далікатнасць і нязломны жыццёвы аптымізм.

Гамілію біскуп Аляксандр Яшэўскі завяршыў словамі, якія сам ксёндз Здзіслаў часта паўтараў у гэтым касцёле: «дзякуй» — як падзяка за дар такога сардэчнага душпастыра; «перапрашаем» — як просьба прабачыць нялёгкія моманты, якімі маглі яго абцяжарыць; «просім» — як голас заступніцкай малітвы за душу памерлага.

 

На заканчэнне Эўхарыстыі да сабраных звярнуўся арцыбіскуп Станеўскі. Іерарх нагадаў, што некалькі гадоў таму здзяйсняў у гэтым касцёле абрад уступлення ксяндза Здзіслава Вэдэра ў годнасць ганаровага каноніка Гродзенскага капітула.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі заклікаў асірацелых вернікаў Смаргоні не сумаваць, а, углядаючыся ў аблічча Хрыста Уваскрослага, памятаць пра душу свайго душпастыра.

Пасля Імшы яшчэ доўга біў жалобны звон, а вернікі запальвалі лампадкі і моўчкі ўзносілі малітвы за спачылага святара.

 
Падзяліцца: