Галоўная Дзейнасць Навіны У Смаргоні адзначылі юбілей 520-годдзя заснавання парафіі св. Міхала Арханёла

У Смаргоні адзначылі юбілей 520-годдзя заснавання парафіі св. Міхала Арханёла

Алтар – гэта стол ахвярапрынашэння, на якім святар, прадстаўляючы Хрыста Пана, здзяйсняе тое ж, што Хрыстус наказаў рабіць вучням на свой успамін. Паколькі пры алтары ўшаноўваецца ўспамін Пана, а верным удзяляецца Яго Цела і Кроў, то Касцёл бачыць у алтары знак самога Хрыста. Адтуль і паходзіць сцверджанне “Алтар з’яўляецца Хрыстом”. У касцёле павінен быць толькі адзін алтар, умацаваны з падлогай і нерухомы. Мэнса - пліта алтара, павінна быць выканана з натуральнага камня. Над алтаром нельга змяшчаць выявы святых і анёлаў. У алтар умуроўваюцца рэліквіі святых мучанікаў на знак таго, што ўсе, ахрышчаныя ў смерць Хрыста, а найперш тыя, хто праліў сваю кроў за Пана, удзельнічаюць у муцы Хрыста і Яго Найсвяцейшай Ахвяры.

Перад распачаццем святой Літургіі сабраныя вернікі прывіталі прыбыўшага на ўрачыстасць дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага. Пасля традыцыйнага беларускага хлеба ды солі на прывітанне біскуп падышоў пад вежу касцёла, дзе адбылася малітва асвячэння новай сістэмы званоў, якую вернікі падарылі касцёлу на юбілей. Узняўшыся на вежу, бп. Юрый асвяціў і тройчы ўдарыў у звон, названы ў гонар св. Міхала Арханёла, пасля чаго усе прысутныя маглі пачуць радасны перазвон касцёльных званоў.

Урачыстая св. Імша распачалася у паўзмрочным касцёле. Запалілі святло і свечкі святыні толькі пасля кансэкрацыі “сэрца святыні” - алтара. Напачатку іерарх акрапіў святой вадой сцены касцёла, алтар і вернікаў. Пасля, падчас гаміліі, прыблізіў да сабраных сімволіку і сутнасць святыннага алтара.

Пасля ўсеагульнага вызнання веры распачаўся чын кансэкрацыі алтара Эўхарыстыі. Напачатку вернікі заспявалі літанію да ўсіх святых, просячы заступніцтва жыхароў Неба для сваёй парафіі. Пасля бп. Юрый уклаў у алтар рэліквіі бл. Мучаніка Стэфана Шандора. Чын ускладання рэліквій мучаніка становіцца паўтарэннем слоў св. Яна Евангеліста з кнігі Апакаліпсіса: “Я ўбачыў пад алтаром душы забітых за Божае Слова і за сведчанне, якое мелі”.

Пасля таго, як рэліквіі і капсула з дакументам аўтэнтычнасці рэліквій і актам асвячэння алтара, падпісаным біскупам і пробашчам парафіі, былі замураваныя ў алтар, біскуп прамовіў над алтаром малітву і намасціў каменную пліту (мэнсу) алтара святым алеем. Намашчэнне алтара алеям-хрызмам, які благаслаўляецца біскупам у Вялікі Чацвер, становіцца сімвалам Хрыста. Айцец намасціў Яго Духам Святым і устанавіў Найвышэйшым Святаром, які на алтары свайго Цела прынёс у ахвяру сваё жыццё дзеля збаўлення ўсіх. 

Пасля намашчэння на алтарную пліту была пастаўлена кадзільніца з распаленымі вуглямі для акаджэння. Гэты знак паказвае, што ахвяра Хрыста, якая пастаянна ажыцяўляецца ў таямніцы, уздымаецца да Бога як прыемны водар. Гэтым таксама выяўляецца, што малітвы вернікаў, поўныя просьбаў і падзякі, даходзяць да Божага трона. Пасля акаджэння вернікі парафіі апранулі алтар у тры белыя абрусы, паставілі кветкі і свечкі, якія пад гук званоў былі запалены, і адбылося расвятленне храма.

Таксама была асвечана дубовая алтарная настава з абразом Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, які намаляваў мастак Вячаслаў Аўгусціновіч. У дарах вернікі прынеслі прад алтар новую харугву ў гонар св. Міхала Арханёла.

На заканчэнне Эўхарыстыі адбылася тэафарычная працэсія па вуліцах горада. А пасля яе сабраныя на касцёльным дзядзінцы вернікі былі сведкамі асвячэння новай фігуры св. Міхала Арханёла, якая была ўсталявана ля смаргонскага храма. Аўтарам скульптуры стаў Вадзім Мацкевіч. Ён прадставіў Арханёла ваяром Божай любові, які замест зброі трымае ў руцэ харугву-крыж – адзіную зброю вучняў Хрыста.

Падзяліцца: