Чарговая радасная падзея адбылася ў Савіо-клубе араторыя, які дзейнічае пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. Адразу дзве групы дзяцей і моладзі сабраліся разам на ўрачыстую святую Імшу ў дзень святога Дамініка Савіо, каб разам падзякаваць свайму апекуну за ўсе атрыманыя ласкі і папрасіць аб далейшай дапамозе.
Падчас гаміліі ксёндз-пробашч Алег Жураўскі SDB звярнуў увагу “савікаў”, іх бацькоў і ўсіх прысутных на асобу св. Яна Боска і св. Дамініка Савіо. Святар пажадаў прысутным ісці да неба той дарогай, якую паказалі гэтыя святыя.
Асаблівым момантам Літургіі сталі абяцанні, якія склалі сябры Савіо-клуба. Моладзь старэйшай групы аднавіла пастанаўленні, зробленыя ў мінулым годзе, дзеці з малодшай групы прысягнулі ўпершыню. Абяцанні жыць у сяброўстве з Езусам і Марыяй, сумленна выконваць свае абавязкі, пазбягаць цяжкага граху выканаць зусім не проста. Але хлопцы і дзяўчаты ўпэўнены ў сур’ёзнасці сваіх намераў і ў тым, што з радасцю дапамогуць адзін аднаму дайсці да святасці па прыкладу свайго нябеснага заступніка.